Прыгатаваць і падрыхтаваць: як правільна выкарыстоўваць дзеясловы

belmovaДзеясловы гатаваць і рыхтаваць (незакончанае трыванне) і формы закончанага трывання прыгатаваць і падрыхтаваць з высокай частотнасцю выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове, як у вусным маўленні, так і ў пісьмовых тэкстах. Але яны маюць рознае значэнне, таму спалучаюцца са словамі розных тэматычных груп. А гэты аспект якраз і не ўлічваецца моўцамі, журналістамі, што прыводзіць да парушэння дакладнасці словаўжывання. Паспрабуем разабрацца.

Паводле “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (ТСБМ) гатаваць – “варыць, рыхтаваць ежу”: А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Якуб Колас (Т.2, с. 39). А яшчэ гатаваць – “кіпяціць ваду, рабіць кіпень”. Як размоўныя варта ўспрымаць выпадкі ўжывання дзеяслова гатаваць у наступных кантэкстах: гатаваць дровы на зіму, гатаваць насенне, гатаваць трактар да тэхагляду і г.д. Тут трэба выкарыстоўваць лексему рыхтаваць.

Дзеяслоў рыхтаваць мае асноўнае значэнне – “прыводзіць што-небудзь у стан гатоўнасці”: З гаража далятала вуркатанне матора – шафёр рыхтаваў машыну ў рэйс. Іван Шамякін (ТСБМ, Т. 4, с. 741). Але гэта не датычыць ежы ці пітва, якія робяцца праз тэрмічную апрацоўку. Таму не варта казаць, напрыклад, рыхтаваць боршч ці рыхтаваць сваю ўлюбёную страву. Гэта можна толькі гатаваць.

Падобныя памылкі выкліканыя ўплывам рускай мовы, дзе дзеяслоў готовить ужываецца з розным значэннем. У беларускай жа мове неабходна размяжоўваць спалучальныя магчымасці прыведзеных вышэй лексем.

Памылкі з названымі дзеясловамі ці аднакаранёвымі назоўнікамі фіксуюцца часам і ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў газеце “Звязда”: Жоўтыя дажджавікі … прыгатаваў барысаўскі клуб для сваіх заўзятараў на сядзеннях “Дынама” (25.11.11); У следчым ізалятары зараз знаходзіцца 50-гадовая жыхарка Гомеля, арыштаваная па абвінавачванні ў прыгатаванні да наўмыснага забойства (23.05.12). Зразумела, што ў прыведзеных мікракантэкстах трэба ўжываць адпаведна словаформы падрыхтаваў і ў падрыхтоўцы.

Такім чынам, мы можам сказаць, напрыклад, трэба прыгатаваць ежу, прыгатаваць абед (у сэнсе, зварыць) і падрыхтаваць урокі, падрыхтаваць машыну да летняга сезону (не прыгатаваць).

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку