7 снежня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Удзела Глыбоцкага раёна адкрылі і асвяцілі помнік памяці ненароджаных дзяцей. Для гэтага туды завітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які ўдзяліў там і сакрамант канфірмацыі.
На заканчэнне святочнай Эўхарыстыі адбылося асвячэнне помніка памяці ненароджаных дзяцей. Ён быў зроблены і ўсталяваны на тэрыторыі касцёла намаганнямі святароў, вернікаў і мясцовых уладаў.
Па словах пробашча мясцовай парафіі Яраслава Банасяка, гэты помнік вырашылі паставіць у год кананізацыі Яна Паўла II, які быў абаронцам тых дзяцей, каб не толькі мясцовыя, але і турысты маглі паразважаць на гэтую тэму. Адзін з элементаў помніку – крыж — з’яўляецца знакам перамогі Хрыста над смерцю. Ён замацаваны на скале, якая азначае, што трэба мацаваць сваё жыццё на Хрысце, а таксама вечных і трывалых каштоўнасцях. Скульптура Маці Божай – абаронцы ненароджаных дзяцей, якая ахоплівае разарваных дзяцей пры аборце, кажа пра тое, што кожная жанчына можа стаць абаронцай гэтых дзяцей.
Пасля асвячэння каля помніка былі пастаўленыя свечкі смутку ў выглядзе ліхтароў. Вернікі разышліся з думкамі і разважаннямі пра сваё жыццё і далейшы лёс.
Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота