Прэзентацыя зборніка песень “Песняй славім Цябе, Божа” кампазітара Ганны Шакола прайшла ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім 22 лістапада ва ўспамін св. Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі.
З гэтай нагоды падчас канцэрту Ганна Шакола разам з парафіяльным хорам “Ave Maria” выканалі песні, якія ўвайшлі ў зборнік: «Букет для Нябеснай Маці», «Бежмаванне», «Вялікдзень», «Музыка ў храме арганная», «Марыя — Панна з Галілея», «Малітва да Святога Антонія», «Святая Ганна», «Будслаўская пілігрымка» і шмат іншых.
«Падчас сакраманта бежмавання я выбрала сабе імя Цэцылія, і пасля гэтага ўсё пачалося. Святая Цэцылія – апякунка духоўнай музыкі і хароў, таму я лічу, што яна мяне натхніла, дапамагла ў напісанні песень», — кажа Ганна пра пачатак свайго творчага шляху. Пра яе творчасць «Каталіцкі Веснік» размаўляў са спадарыняй Ганнай тры гады таму.
У зборнік “Песняй славім Цябе, Божа” ўвайшлі трыццаць дзве песні на словы паэтаў – глыбачан Віталя Гарановіча і Алены Пажогі, Марыі Ючкавіч з Сітцаў і Марыі Гербедзь з Гродзеншчыны.
Пасля канцэрту ўдзельнікі хора атрымалі невялічкія падарункі з нагоды свята св. Цэцыліі, а кожны жадаючы парафіянін мог набыць сабе зборнік песень Ганны Шакола.
Марына Сінкевіч
