“Прыгожае абуджае добрае”: размова з кампазітарам Ганнай Шакола (+відэа са спевамі)

shakola9Ганна Шакола – не толькі шчырая верніца Каталіцкага Касцёла, але і аўтар музыкі да шматлікіх песень. Пра натхненне, таленты і духоўнае выхаванне моладзі пойдзе гаворка ў гэтым інтэрв’ю.

– Ганна Казіміраўна, парафіяне з Глыбокага і не толькі знаёмыя з Вашай творчасцю даўно. Скажыце, калі Вамі была напісаная музыка для песні ўпершыню?

– Гэта адбылося 15 гадоў назад. Я працавала ў школе №3 горада Глыбокае. І да мяне звярнуліся з просьбай напісаць вальс для апошняга званка. Я, праўда, не ведала, што рабіць. Не ўяўляла сабе, як пішацца музыка. Але села за раяль, дакранулася да клавішаў – і мелодыя з’явілася сама сабой. Сёння гэты вальс выконваецца кожны год у нашай школе.

– Цяпер, несумненна, у Вас багаты вопыт у творчасці?…

– Гэта праўда. Я з’яўляюся аўтарам музыкі для больш чым ста песень. Не ўсе яны выконваліся публічна, але многія ўвайшлі ў зборнікі, некаторыя сталі пераможцамі ў конкурсах. Такія, напрыклад, як песня “Да Маці Божай Будслаўскай” і “Сафійскі Сабор”. Мяне вельмі радуе, што пабачыў свет музычны альбом, куды ўвайшлі 30 песень з маім суаўтарствам.

– Якая тэматыка Вашых песень?

– Усё залежыць ад словаў. Я ахвотна пішу музыку як да свецкіх, так і да рэлігійных твораў. Хаця па колькасці пераважае свецкая тэматыка. Ёсць песні пра каханне, пра наш родны горад, пра трагедыю Афганістана. Бывае, што песня пішацца ў якасці падарунка. Маім сябрам-выканаўцам я іх проста дару, і яны іх выконваюць. Але ёсць і вельмі асабістыя творы, якія я выконваю толькі сама.

shakola3 shakola4

– Дык што такое натхненне? Падзяліцеся, калі ласка, сваімі разважаннямі.

– Натхненне – гэта нейкае жаданне і прага нараджэння новага. Надыходзіць момант, калі ты раптам адчуваеш усёй сабой, што вось-вось з’явіцца песня. Ведаеце, бывала, што песні пісаліся ў мяне проста ў ложку. Перад сном чытала верш, на словы паўставала мелодыя, а назаўтра ў школе на перапынках усё гэта запісвалася на ноты. Хаця асабіста ў мяне найлепшы час для творчасці – гэта раніца. Не ведаю, чаму менавіта так.

– Без Божага дару, без таленту і без натхнення немагчыма стварыць мелодыі. А як наконт дапаможных чыннікаў кшталту музычнай адукацыі, выхавання? Гэта дапамагае?

– Безумоўна. Паглядзіце на гэты цудоўны раяль. Можаце сабе ўявіць, што гэта – спадчына нашай сям’і, якая дасталася нам ад дзядулі Антона. Ён быў простым вясковым чалавекам, звычайным селянінам. Але ў ХІХ ст., калі заўважыў музычныя здольнасці ў сваіх дзецях, абмяняў карову на гэты раяль. Карова ў тыя часы каштавала вялікіх грошай і была для сям’і ў вёсцы асновай дабрабыту. Мой дзед, аднак, выдатна разумеў, што выхоўваць дзяцей трэба таксама і духоўна. Недастаткова іх толькі накарміць і апрануць. І вось дзякуючы майму дзеду Антону сёння і я, і мая дачка, і мае ўнукі – усе захапляюцца музыкай.

shakola2 shakola7

– Можа, якраз музыка выратуе сённяшнюю моладзь ад пагрозы абыякавасці і чэрствасці ў сэрцы?

– Я перакананая, што і музыка, і выяўленчае мастацтва, наогул культура – гэта тыя чыннікі, якіх нельга пазбаўляць дзяцей у выхаваўчым працэсе. І мне вельмі баліць, што сёння ў беларускіх школах з 5 класа няма ў праграме музыкі і не выкладаецца гісторыя сусветнай культуры. Я лічу гэта вялікай памылкай. Нельга навучыць дзяцей толькі чытаць і лічыць. Інакш яны вырастуць счарсцвелымі і нячулымі да прыгажосці і духоўнасці. “Прыгожае абуджае добрае”, – гэта мой дэвіз яшчэ са школы.

– Падзяліцеся напрыканцы сваім густам. Якую музыку Вы самі любіце слухаць?

– Гэта, канешне, класіка. Слухаючы яе, адчуваеш глыбіню таленту аўтара і ажываеш душой.

shakola5 shakola6

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота і відэа

 

Ад рэдакцыі. Можна замовіць музычны дыск Ганны Шаколы, дзе гучаць песні ў яе выкананні на свецкую і рэлігійную тэматыку.

Прапануем таксама ўвазе нашых чытачоў песні ў выкананні Ганны Шакола: «Букет для Нябеснай Маці», «Вялікдзень» і «Будслаўская Божая Маці».

для друку для друку