Першы хрысціянскі фестываль «NOVAFEST» адбыўся ва Уселюбе

Першы хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі «NOVAFEST» прайшоў 21 жніўня ў парафіі Святога Казіміра ва Уселюбе.

Праграма ўключала ўрачыстае адкрыццё фестывалю, святую Імшу, Крыжовы шлях у даліне блакітных крыжоў, сведчанні Божай прысутнасці ў жыцці людзей, сведчанні служэння Богу каталіцкіх рухаў Беларусі, канферэнцыю, Меджугорскі ружанец, Адарацыю, малітву аздараўлення.

Напэўна, Пан Бог не проста так выбраў мястэчка Уселюб (слова паходзіць ад «усіх любіць») як месца Яго праслаўлення.

Цуды і праявы Божай любові пачалі здарацца з самага пачатку дня. У Мінску ліў дождж, было панура і пахмурна, а ўжо калі мы набліжаліся да Уселюба, неба адкрывалася ад хмар, а над Уселюбам свяціла яркае сонца. Мы падымаліся ў гару (касцёл размяшчаецца на ўзвышэнні), на самую высокую кропку гэтага месца.

Урачыстая частка фестывалю пачалася з габрэйскіх песень праслаўлення, якія былі перакладзены на беларускую мову спецыяльна для фестывалю. Бо Бог выбраў народ Ізраіля як Свой народ, а хто як не Яго народ лепш за ўсё ведае, як праслаўляць Бога?

«Слухай, Ізраэль…» — такі пасыл быў зададзены не толькі ў песнях, але і ў разважаннях гэтага дня, а тэмай фестывалю стала «пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе» (Ян 4, 23).

Кс. Яўген Шымановіч з Глыбокага правёў вельмі цікавую канферэнцыю на тэму сапраўднага праслаўлення, патлумачыўшы сутнасць Старазапаветнага праслаўлення Бога Ізраіля і пакланення Айцу ў духу, які фармуе ў нас сам Бог, нават тады, калі нам вельмі нялёгка ісці па жыцці.

Неверагодна моцныя сведчанні людзей аб іх навяртанні да Бога, пакаянні ў сваіх грахах і перамяненне жыцця з Богам не пакінулі ні аднаго чалавека абыякавым. Праз гэтыя сведчанні Пан дакрануўся на фестывалі да кагосьці, каму гэтыя сведчанні былі патрэбныя.

Сведчанні прадстаўнікоў свецкіх хрысціянскіх рухаў у Касцёле Беларусі ўзрушвалі сваёй важнасцю і значнасцю ў справе прапаведавання Евангелля, навяртання, пакаяння. Бо святары і Касцёл не заўсёды могуць дайсці да ўсіх сфер свецкага жыцця, каб данесці добрую вестку. Абарона жыцця і малітва ў абартарыях, прапаведаванне каштоўнасці чалавечага жыцця для жанчын, якія адважыліся зрабіць аборт, – гэта місія дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» (г. Магілёў, г. Віцебск).

Малітва маці за сваіх дзяцей, пачынаючы з іх нараджэння, — важны аспект у фарміраванні новага чалавека. Маці адчуваюць сябе больш упэўнена, калі давяраюць сваіх дзяцей і іх будучыню Богу і апецы Панны Марыі (Рух «Маці ў малітве»).

Адзінства з Богам і пакланенне Яму ў Найсвяцейшых Дарах, перажыванне паўнаты адзінства з Богам у сям’і, у адносінах з іншымі людзьмі, у працы і фінансах – такую важную тэму развівае рух «Эхад» з Гродна.

Воіны Найсвяцейшай Багародзіцы — такі эпітэт больш за ўсё падыходзіць «Легіёну Марыі», бо яны працуюць на ніве прапаведавання Збаўлення ў самых цяжкіх месцах – у небяспечных мікрараёнах, у бальніцах, у начлежках для бяздомных. Усіх гэтых людзей і ўдзельнікаў гэтых рухаў аб’ядноўвае адно — любоў да Бога і жаданне несці Яго ў кожны дом, кожнаму чалавеку.

У даліне блакітных крыжоў прайшоў Крыжовы шлях, дзе больш за 300 гасцей фестывалю прайшлі 14 станцый шляху Хрыста на Галгофу, разважаючы над паўсядзённымі цяжкасцямі розных аспектаў свецкага і асабістага жыцця, якія ўзрушвалі сваёй глыбінёй і дакладным пападаннем у сутнасць праблемы. Бо няма такога болю і такой праблемы, якая б не была вядомая Хрысту, Які прайшоў Крыжовы шлях.

Рухаючыся па духоўнай праграме фэсту, госці маглі пазнаёміцца з гісторыяй новага святога ў Каталіцкім Касцёле — бл. Карла Акуціс. Бо любоў Карла да Езуса ў Эўхарыстыі натхняе і ўсяляе велізарную надзею, што «Эўхарыстыя — гэта аўтастрада на Неба», і што стаць святым — гэта рэальна.

Працягнуўся фестываль Меджугорскім Ружанцам са спевамі і Адарацыяй – пакланеннем Найсвяцейшым Дарам. Сам Дух Святы дакранаўся да сэрца кожнага прысутнага на фестывалі. А пасля таго, як святар блаславіў усіх удзельнікаў Адарацыі, раптам лінуў цёплы летні дождж — сапраўднае блаславенне з нябёсаў! Нягледзячы на тое, што ўсе паспрабавалі схавацца ў касцёле ад дажджу, Гасподзь асвятліў касцёльную вежу незвычайна прыгожым ружовым зарывам і аздобіў вясёлкай! А чарада буслоў, якая ляцела па небе, раптам закружыла ў воблаку над касцёлам! Езус быў з намі ў гэты дзень! Гэта цудоўна! Дзякуй Богу за ўсё!

Завяршыўся фестываль супольнай фінальнай песняй «Блаславенне», калі ўсе ўдзельнікі фестывалю запалілі свае свечкі як сімвал святла Хрыста, які яны павязуць дадому, і разам з музыкамі паўтаралі словы песні: «Хай блаславіць цябе Госпад, хай святлом Сваім асвеціць і захоўвае цябе. Хай адкрые Сваё аблічча і падорыць мір!»

Святлана Герасімовіч, суарганізатар фестывалю «NOVAFEST» ва Уселюбе
Дар’я і Таццяна Шур, фота

для друку для друку