10 ліпеня 2022 года ў касцёле св. Ігнацыя ў Віцебску айцец Віктар Жук склаў свае апошнія манаскія шлюбы, якія прыняў правінцыял Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса а. Збігнеў Лячкоўскі SJ.
Айцец Віктар Жук нарадзіўся ў 1979 годзе ў Пінску, паступіў у навіцыят ордэна езуітаў у 2003 годзе дзе пачаўся яго шлях да святарскага паклікання ў манаскім жыцці. Падчас сваёй фармацыі ў ордэне езуітаў атрымаў добрую багаслоўскую і філасоўскую адукацыю. 14 жніўня 2014 года з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прыняў святарскае пасвячэнне ў Мінску, з чэрвеня 2019 года з’яўляецца пробашчам у парафіі св. Уладзіслава. З таго часу а. Віктар вядзе актыўную дзейнасць па ўсёй Беларусі, распаўсюджваючы ігнацыянскую духоўнасць.
Падчас казання а. Збігнеў звярнуў увагу на любоў. Любоў да бліжняга і Бога, праз якую чалавек мае магчымасць выйсці з стану “закаханасці ў самога сябе”, аб якой гаворыць Езус у прыпавесці пра добрага самараніна. “У гэтай прыпавесці любоў падаецца не як проста слова, але як нешта вельмі канкрэтнае, чаму нас вучыць Езус. Таму святы Ігнацый Лаёла ў ігнацыянскай духоўнасці заклаў такі прынцып: любоў будуецца больш на ўчынках, чым на словах, і прынцып “памагаць душам”, дзе другі азначае пакліканне кожнага езуіта, ў якім таксама прымае ўдзел а. Віктар, дапамагаць людзям рознымі спосабамі.”
Таксама а. Збігнеў адзначыў, што прынцып “памагаць людзям” не абмяжоўваецца дапамогай выключна духоўнай, але часам прымае вельмі канкрэтныя формы, таму ў кожным месцы, дзе дзейнічаюць езуіты, яны перш за ўсё прыкладаюць намаганні на распазнанне і рэалізацыю той патрэбы, якую маюць чалавечыя душы і чаго патрабуе ад іх Бог.
“Сёння, калі айцец Віктар Жук складзе свае апошнія манаскія шлюбы ў ордэне езуітаў, ён такім чынам скажа “хачу дапамагаць душам”. Зараз яго асабістае заданне – дапамагаць душам тут, у Білева, у парафіі святога Уладзіслава, але, канешне, ён патрабуе і вашай дапамогі, падтрымкі”, – прамовіў айцец правінцыял.
Перад абрадам святой Камуніі першы езуіт з Беларусі склаў шлюбы беднасці, чысціні, паслухмянасці, а таксама шлюб асаблівай паслухмянасці Святому Айцу. Ад імя генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса гэтыя шлюбы прыняў правінцыял Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса а. Збігнеў Лячкоўскі SJ.
Напрыканцы св. Імшы парафіяне падзякавалі а. правінцыялу за канчатковае прыняцце а. Віктара Жука ў Таварыства Езуса. Падзякавалі таксама бацькам за тое, што добра выхавалі сына не толькі для сябе, але для Бога і на служэнне людзям. Павіншавалі а. Віктара з гэтым важным момантам у яго жыцці.
Айцец Віктар падзякаваў парафіянам за віншаванні, добрую арганізацыю гэтага свята, штодзённую падтрымку, якая, прызнаўся пробашч, сапраўды неабходна кожнаму святару. Таксама святар запрасіў застацца пасля Літургіі, каб разам адсвяткаваць гэты момант ужо традыцыйнай для парафіі стравай з марозівам.
Лаліта Арлоўская
![для друку для друку](https://catholicnews.by/wp-content/plugins/wp-print/images/print.gif)