Першую святую Імшу ў якасці біскупа цэлебраваў у Лідзе каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі

Раніцай 26 мая біскуп Уладзімір Гуляй, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў Эўхарыстыю ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Гэта была першая Імша, якую ён цэлебраваў у якасці біскупа.

У гэтай парафіі з 2003 г. сённяшні біскуп быў пробашчам. Біскупскае пасвячэнне ён прыняў напярэдадні, 25 мая, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Перад пачаткам Імшы біскупа сустрэлі пры ўваходзе ў касцёл парафіяне, міністранты, семінарысты, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці, а таксама вікарыі парафіі.

Урачыстая літургія сабрала вялікую колькасць удзельнікаў. Прысутнічала і духавенства іншых парафій, падзяляючы з супольнасцю лідскай Фары радасць за новага біскупа.

Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі парафіі, за ўсіх яе вернікаў і святароў.

Пробашч лідскай парафіі св. Юзафа, Рамесніка, і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка кс. Віталій Сідорка ў гаміліі распавёў аб сімволіцы знакаў біскупскай улады (мітры, пастарала, герба), аб важнасці ролі біскупа ў дыяцэзіі і ў жыцці кожнага хрысціяніна.

У канцы Імшы парафіяне, у тым ліку моладзь і дзеці, выказалі біскупу пажаданні. Прагучалі словы падзякі. Іерарх у сваю чаргу выказаў вернікам падзяку за падтрымку, прысутнасць і малітву, падкрэсліўшы, што спіс тых, каму ён удзячны, вельмі вялікі і ўсіх не пералічыць, але ён заўсёды носіць іх у сэрцы.

Grodnensis.by

для друку для друку