Парыжанін Алег Зямчонак стаў дыяканам у Віцебскай дыяцэзіі (+відэа)

28 красавіка 2019 года, у свята Божай Міласэрнасці ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася вялікая ўрачыстасць. Вернікі адзначылі не толькі парафіяльны фэст, але і ў гэты дзень дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў клерык Алег Зямчонак. Семінарыст паходзіць з аг. Парыж, што ў Пастаўскім дэканаце. Фармацыю праходзіў у духоўных семінарыях у Пінску і апошнія чатыры гады ў Санкт-Пецярбургу (Расія).

На ўрачыстай св. Імшы разам з Віцебскім ардынарыем у інтэнцыі кандыдата да дыяканату маліліся кс. Канстанцін Перэдзерый, рэктар духоўнай семінарыі “Марыя – Каралева Апосталаў” у Санкт-Пецярбургу, кс. Уладзімір Заянчкоўскі з Лепеля, былы пробашч у Парыжы, пры якім дыякан распазнаў сваё пакліканне, кс. Валеры Орсік з Оршы і афіцыял біскупскага суда кс. Аляксей Ляшко.

Пасля Літургіі слова кс. Валеры, у парафіі якога семінарыст апошні час праходзіў практыку, звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдат падрыхтаваны і гатовы прыняць пасвячэнне.

Гамілію прамовіў пастыр дыяцэзіі. Іерарх прыгадаў функцыю дыяканаў у Новым Запавеце, якая заключалася ў абслугоўванні сталоў. Далей ператварылася ў больш літургічную функцыю. Тым не менш, гэтае заданне – бачыць перад сабой патрабуючага чалавека – застаецца. І між іншым на тым, хто робіць першыя крокі да святарства. Іерарх таксама ўзгадаў постаць  дыякана першамучаніка Стэфана, які перад абліччам смерці не адрокся веры.

Наступнай часткай Літургіі сталі абяцанні, якія кандыдат складае на рукі біскупа. Потым усе прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcт ляжаў крыжам перад алтаром. Затым адбылося ўскладанне рук і малітва. Дыякан, апрануўшы стулу і дальматыку, атрымаў Евангелле з рук біскупа і знак супакою.

На заканчэнне ўрачыстасці словы ўдзячнасці новапасвечаны дыякан Алег скіраваў перш за ўсё Усемагутнаму Богу за дар паклікання і Маці Божай за асаблівую апеку на жыццёвым шляху, а таксама біскупу Алегу, прысутным святарам, маці і ўсім прысутным вернікаў.

Больш фота можна паглядзець тут>>

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі