У парафіі Святой Тройцы, што ў Новым Пагосце, прайшоў парафіяльны фэст. Падзея адбылася на ўрачыстасць Святой Тройцы ў нядзелю 22 мая.
Парафія ў Новым Пагосце мае даўнюю цікавую гісторыю. Першы касцёл быў пабудаваны тут у 1593 годзе. Яго фундатарам быў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. На жаль, падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у XVII стагоддзі гэты касцёл быў спалены. Сучасны будынак касцёла быў пабудаваны ў 70-х гадах XVIIІ стагоддзя. Касцёл перажыў некалькі рамонтаў і захаваўся да нашага часу. Праўда, перыяд ваяўнічага атэізму не прайшоў міма гэтага храма: з касцёла зрабілі зернясховішча, потым спартыўную залу школы. Вернікам будынак храма быў вернуты ў 1990 годзе.
Храм паўторна асвяціў біскуп Эдвард Кісель з Польшчы, які нарадзіўся ў гэтай парафіі. На асвячэнні прысутнічалі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у той час адміністратар Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і біскуп Эдвард Азароўскі з Беластоку.
Зараз парафія ў Новым Пагосце налічвае амаль 1200 вернікаў, касцёл адносіцца да Шаркаўшчынскага дэканату. З гэтага года тут служыць ксёндз Аляксей Асон. Гэта быў яго першы парафіяльны фэст, таму, па яго словах, ён вельмі хваляваўся, каб усё адбылося належным чынам.
Святая Імша пачалася ў 12 гадзін. Яе ўзначаліў ксёндз-дэкан з Шаркаўшчыны Кшыштаф Сілкоўскі. На богаслужэнні прысутнічала больш як сто вернікаў.
Казанне прамовіў ксёндз Ян Пугачоў з Германавічаў. Ён звярнуў увагу на сутнасць Бога, як мы павінны яго разумець.
— Бог прызначае кожнага чалавека для жыцця вечнага, але збаўленне атрымае толькі той, хто гэтага заслугоўвае, — адзначыў святар.
Напрыканцы Імшы адбылася працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі. Дарэчы, у гэты дзень можна было атрымаць поўны адпуст. Для гэтага трэба было прыняць удзел у святой Імшы, паспавядацца і памаліцца ў інтэнцыі Папы Францішка.
Закончылася Імша гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем”, пасля чаго пробашч парафіі Аляксей Асон павіншаваў усіх са святам.
На жаль, насельніцтва парафіі змяншаецца як і ўсюды ў беларускіх вёсках. Але пакуль у касцёле ёсць моладзь, парафія ў Новым Пагосце будзе жыць.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
