6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у Германавічах адбыўся парафіяльны адпуст. На фэст сабраліся вернікі з усяго наваколля. Акрамя парафіянаў на свята завіталі госці з Лужкоў, Шаркаўшчыны, Наваполацка, Мёраў і іншых парафій. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Святога Арханёла Міхала ў Лужках ксёндз Іван Кароткін.
Адпустовай урачыстасці папярэднічала пэўная падрыхтоўка. Святыня ўся патанала ў кветках, а прыкасцельная тэрыторыя была прыгожа аздоблена гірляндамі з рознакаляровых сцяжкоў, што стварала атмасферу радасці і ўзнёсласці. Аднак асноўная ўвага была накіравана на духоўную падрыхтоўку вернікаў. У пятніцу і суботу ў парафіі прайшлі перадсвяточныя рэкалекцыі, якія правёў ксёндз Іван Кароткін.
Быў таксама вызначаны час для споведзі. Вернікаў, якія з прычыны хваробы не змаглі наведаць касцёл і скарыстацца сакрамантам пакаяння, святары наведалі дома. Кульмінацыяй свята стала нядзельная ўрачытая Літургія а 12-ай гадзіне, на якую сабралася больш за 100 вернікаў, сярод якіх было шмат дзяцей і моладзі. У белых строях з вяночкамі на галаве, яны нагадвалі анёлкаў.
Атмасферу свята падтрымліваў парафіяльны хор, які сваімі спевамі ўпрыгожыў Эўхарыстыю.
Душпастырская навука была цесна пераплецена з тэкстам Евангелля на свята Перамянення Пана. У сваёй гаміліі, ксёндз Іван параўнаў жыццё чалавека з гарой. «Гара ў Старым і Новым Запавеце з’яўляецца знакавым месцам — месцам спаткання чалавека з Богам. Евангелле паводле Мацвея (Мц 17, 1–9) паказвае нам, як Езус узыходзіць з вучнямі на гару Табор, дзе аб’яўляе сваю Божую натуру. «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» — гаворыць Бог Айцец. Радасць ад перажытай падзеі агарнула вучняў і яны не хацелі спускацца дадолу. Так і мы ў сваім жыцці хочам каб радасныя моманты працягваліся як мага даўжэй, аднак жыццё вымагае нас выйсці з зоны камфорту. <…>Знешняе перамяненне Езуса неабходна было апосталам, каб яны перамяніліся духоўна. Таксама і нам патрэбна духоўная перамена, перамена сэрца. Змяніць нас ніхто не зможа, калі мы самі гэтага не жадаем, таму мы павінны імкнуцца да перамены, каб дасягнуць Божага валадарства.»
Літургію слова працягнула малітва вернікаў, падчас якой дзеці і моладзь узносілі просьбы да Пана Бога, а прынашэнне дароў паспрыяла годнай падрыхтоўцы ўдзельнікаў свята да Эўхарыстычнай літургіі.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а затым уславілі Пана Бога Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Напрыканцы свята пробашч парафіі ксёндз Ян Пугачоў выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і арганізацыі ўрачыстасці. Святар выказаў надзею, што мясцовыя рэлігійныя традыцыі і надалей будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне, а моладзь і дзеці стануць актыўнымі ўдзельнікамі парафіяльнай супольнасці.
Парафіяне ў сваю чаргу падзякавалі святарам за душпастырскую апеку і ўручылі ім кветкі.
Фэст — гэта не толькі супольная малітва, але, па даўняй традыцыі, яшчэ і кірмаш. Падчас свята вернікі змаглі набыць рэлігійныя рэчы, ласункі для дзетак, а таксама адмысловы гліняны посуд, які прадставіў мясцовы Дом ганчара. Як адзначыў загадчык Дому, Сяргей Рымдзёнак, — гэта адзіная на тэрыторыі Беларусі ўстанова, якая займаецца аднаўленнем традыцыі вырабу посуду.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку