Парафіяльны адпуст у Чашніках

6 жніўня ў свята Перамянення Пана парафію пад аднайменным тытулам у Чашніках наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу, якую ахвяраваў за ўсю парафію, за завяршэнне будоўлі касцёла, за ахвярадаўцаў.

У час казання біскуп Алег падкрэсліў, што Перамяненне Пана адбылося дзеля таго, каб умацаваць вучняў перад укрыжаваннем Езуса. Тром апосталам адкрылася праўда, што Езус – сапраўдны Сын Божы, той самы Бог, які запрашае чалавека да супольнага жыцця. Перамена, якая адбылася на гары Табор, была наступствам малітвы Хрыста. Прысутнасць Бога перамяняе кожнага чалавека. Гэтая падзея вельмі важная не толькі для апосталаў, але і для ўсіх нас. Чалавек павінен перамяняцца, удасканальвацца ў любові да Бога, да сябе і да іншага чалавека, пераадольваючы цярпенні. Трэба навучыцца давяраць Богу. Нашы цярпенні нясе Хрыстус. Мэта для чалавека – хвала неба. Важна ніколі не траціць надзеі. Калі Бог з намі, то хто супраць нас? Не трэба баяцца смерці. Смерць – гэта сустрэча з Хрыстом. Чалавек не знікае бясследна, але перамяняецца. Бог прагне навучыць нас любові. Любіць – прымаць іншага чалавека такім, які ён ёсць.

Падчас працэсіі дароў да алтара былі прынесены запаленая свечка, фіялетавая стула, каляндар, вада, віно і белая гостыя.

На заканчэнне Імшы кс. Мікалай Ліпскі шчыра падзякаваў біскупу Алегу, скаўтам, усім, хто старанна працаваў у час падрыхтоўкі да свята.

Парафіяне выказалі словы падзякі высокаму госцю за малітвы, за памяць пра іх маленькую парафію, уручылі каравай, а таксама папрасілі аб фінансавай дапамозе ў завяршэнні будоўлі касцёла.

Біскуп Алег напомніў умовы атрымання адпусту і разам з вернікамі памаліўся ў інтэнцыі Святога Айца.

Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце прысутныя памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Тройцы.

Пасля спеву гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» біскуп Алег асвяціў прыкасцельны крыж.

У цяперашні час парафія ў Чашніках нешматлікая, але мае багатую гісторыю. Ужо ў 1669 годзе тут існаваў касцёл, які ў той час меў тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вядома, што ў 1845 годзе ў парафіі налічвалася 1476 католікаў. У 1868 годзе касцёл быў пераўтвораны ў Мікалаеўскую царкву. А ў 1961 годзе прыгожы будынак у стылі барока быў узарваны. Цяпер на тым месцы знаходзіцца школа. Аднаўленне парафіі пачалося ў снежні 2000 года.

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі