У Панне Марыі Касцёл “распазнае ўласны архетып, ідэальны ўзор таго, чым пакліканы быць”, — заўважыў Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 мая 2026 года, ва ўспамін Маці Божай Фацімскай, на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
“У гэты дзень 45 гадоў таму, менавіта падчас агульнай аўдыенцыі тут, на Плошчы Святога Пятра, быў здзейснены замах на святога Яна Паўла ІІ, які не стаў смяротным дзякуючы апецы Панны Марыі, што ён сам неаднаразова пацвярджаў. Таму я хацеў бы прысвяціць сённяшнюю катэхезу на тэму “Панна Марыя – узор Касцёла” гэтаму майму святому Папярэдніку, дэвізам якога былі словы “Totus tuus””, — сказаў Пантыфік.
Працягваючы катэхетычны цыкл аб дакументах Другога Ватыканскага Сабора, Леў XIV заўважыў, што апошні раздзел дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium” кажа менавіта пра Панну Марыю, якая, дзякуючы дзейнасці Святога Духа, прыняла і нарадзіла Божага Сына і з’яўляецца ўзорам, дасканалым членам і Маці ўсёй касцельнай супольнасці.
“Гэтыя характарыстыкі Панны Марыі можна выразіць разам, кажучы пра Яе як пра “Жанчыну ікону Таямніцы”. Праз слова “жанчына” паказваецца гістарычная рэальнасць гэтай маладой дачкі Ізраэля, якой было дадзена перажыць надзвычайны досвед – стаць маці Месіі. Словам “ікона” падкрэсліваецца, што ў Ёй спаўняецца двайны рух узыходжання і сыходжання: у Ёй ззяюць як бескарыслівае абранне Богам, так і свабодная згода веры ў Яго. Таму Марыя – гэта жанчына-ікона Таямніцы, гэта значыць боскай задумы збаўлення, доўгі час схаванай і цалкам адкрытай у Езусе Хрысце”, — патлумачыў Святы Айцец.
Леў XIV заўважыў, што Другі Ватыканскі Сабор пакінуў яснае вучэнне аб выключным месцы, прызначаным Панне Марыі ў справе Адкуплення. Сабор нагадаў, што адзіны Пасрэднік збаўлення – гэта Езус Хрыстус і што Яго Найсвяцейшая Маці “ніякім чынам не закрывае і не прыніжае гэтага адзінага пасрэдніцтва Хрыста, але паказвае яго моц”. У той жа час, “благаслаўлёная Дзева, спрадвеку прадвызначаная разам з уцелаўленнем Божага Слова як Божая Маці […] супрацоўнічала ў справе Збаўцы праз веру, надзею і адданую любоў дзеля аднаўлення звышпрыроднага жыцця чалавечых душ. Таму яна стала для нас Маці паводле ласкі”.
“У Панне Марыі адлюстроўваецца таксама таямніца Касцёла: у Ёй Божы народ знаходзіць увасобленым свой пачатак, свой узор і сваю айчыну. У Маці Пана Касцёл сузірае ўласную таямніцу не толькі таму, што знаходзіць у Ёй прыклад чыстай веры, матчынай любові і сужэнскага запавету, да якога пакліканы, але ў першую чаргу, таму што распазнае ў Ёй уласны архетып, ідэальны ўзор таго, чым пакліканы быць”, — падкрэсліў Леў XIV.
Пантыфік падкрэсліў, што “разважанні пра Панну Марыю, змешчаныя ў “Lumen gentium”, вучаць нас любіць Касцёл і служыць у ім здзяйсненню Божага Валадарства, якое прыходзіць і цалкам споўніцца ў хвале”.
“Таму давайце дазволім гэтаму ўзнёсламу прыкладу – Марыі, Панне і Маці – узрушыць нас і будзем прасіць Яе, каб сваім заступніцтвам дапамагла нам адказаць на пытанні, якія ставіць перад намі Яе прыклад: ці жыву сваёй прыналежнасцю да Касцёла з пакорнай і дзейснай верай? Ці прызнаю ў ім супольнасць запавету, якую Бог даў мне, каб я мог адказаць на Яго бясконцую любоў? Ці адчуваю сябе жывой часткай Касцёла, у паслухмянасці пастырам, дадзеным Богам? Ці гляджу на Марыю як на ўзор, дасканалага члена і Маці Касцёла, і ці прашу Яе дапамагчы мне быць верным вучнем Яе Сына?”, — прапанаваў задумацца Папа.
“Няхай Святы Дух, які сышоў на Марыю і якога просім з пакорай і даверам, дазволіць нам напоўніцу жыць гэтай цудоўнай рэальнасцю. І, пасля таго як мы паглыбілі знаёмства з канстытуцыяй “Lumen gentium”, давайце папросім Панну аб атрыманні гэтага дару: каб ва ўсіх нас расла любоў да Святой Маці Касцёла. Няхай жа будзе так!”, — завяршыў катэхезу Леў XIV.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!