Святы Пасад рашуча асудзіў тэракты ў сталіцы Францыі, якія адбыліся 13 лістапада вечарам. Кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі апісаў іх як замах на мір усяго чалавецтва.
“Мы шакаваныя гэтымі новымі праявамі жудаснага тэрарыстычнага насілля і нянавісці і асуджаем іх разам з Папам і ўсімі, хто працуе на карысць будавання міру. Мы молімся за ахвяраў, за тых, хто быў паранены, і за ўсіх жыхароў Францыі. Гэта напад, падрываючы мір чалавецтва, які патрабуе цвёрдай рэакцыі ўсіх нас, хто супрацьстаіць распаўсюджванню смяротнай нянавісці ў любых яе формах”, — заявіў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
Познім вечарам пятніцы 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў, у выніку якіх загінулі па меншай меры 120 чалавек. Аб’ектамі нападаў сталі шматлюдныя месцы французскай сталіцы.
Сваё шкадаванне ў сувязі з тэрактамі Святы Айцец выказаў асабіста ў тэлефонным інтэрв’ю з дырэктарам тэлеканала італьянскага епіскапату “TV2000” Лусіа Брунэлі. “Я шакаваны і засмучаны, не магу гэтага зразумець, але такія рэчы зразумець цяжка. Іх здзейснілі людзі. Таму я ў шоку, засмучаны і малюся. Выказваю сваю блізкасць умілаванаму французскаму народу, родным ахвяр. Малюся за іх усіх”, — сказаў Пантыфік і дадаў, што тэракты, гэта адзін з фрагментаў “трэцяй сусветнай вайны”. “Гэта бесчалавечна”, — падсумаваў тое, што адбылося ў Парыжы, Папа.
Святы Айцец рашуча асуддзіў тэрарыстычныя акты, здзейненыя ў сталіцы Францыі, і ў афіцыйнай тэлеграме, накіраванай 14 лістапада за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя кардынала Андрэ Вэн-Труа, арцыбіскупа Парыжа.
