Папа ўхваліў дэкрэты: хутка новыя беатыфікацыі

23 лістапада 2020 г. Святы Айцец упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі абнародаваць дэкрэты, якія датычацца беатыфікацыйных працэсаў.

Папа ўхваліў дэкрэт аб зацвярджэнні цуду, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божага, кс. Марыа Чычэры, дыяцэзіяльнага святара з Італіі, які памёр 4 красавіка 1945 г.

Таксама асобным дэкрэтам была пацверджана мучаніцкая смерць Слуг Божых, кс. Хуана Эліаса Мэдзіны, дыяцэзіяльнага святара, і 126 яго паплечнікаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў Іспаніі паміж 1936 і 1939 гадамі.

Шэсць іншых дэкрэтаў, ухваленых Францішкам, пацвярджаюць гераічнасць цнотаў іерархаў, святароў і кансэкраваных асоб. Гаворка ідзе пра італьянскага біскупа Фартуната Марыю Фарына; іспанскага святара, кс. Андрэса Манхона і Манхона; французскага святара італьянскага паходжання Альфонса Угаліні; італьянскай капуцынкі-кларыскі, сястры Марыі Франчэскі Цыкі; двух іншых італьянскіх законніц: Марыі Каралы Чэкін, з Кангрэгацыі Сясцёр св. Юзафа Бэнэдыкта Каталенга, і Марыі Франчэскі Джанэта, з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку