Святы Айцец завяршыў удзел у духоўных практыкаваннях. Рэкалекцыі праходзілі 18-23 лютага ў духоўным цэнтры італьянскага горада Арыча, у 30 кіламетрах ад Рыма. Разам з Пантыфікам у іх прымалі ўдзел яго бліжэйшыя супрацоўнікі: іерархі і найвыйшэйшыя прэлаты Рымскай курыі. Праводзіў духоўныя практыкаванні кс. Жазэ Таленціна Мэндонса.
Пантыфік падзякаваў партугальскаму святару за падрыхтаваныя медытацыі і асабліва адзначыў яго імкненне прадставіць Касцёл як “маленькі статак”, які, аднак, не можа быць пазначаны “бюракратычнай свецкасцю”. Каталіцкі Касцёл – “не клетка для Духа Святога”, бо “Дух лунае нават па-за ім і дзейнічае, у тым ліку, у няверуючых, у нехрысціянах, у асобах іншага веравызнання”, сказаў Папа.
Перад ад’ездам у Ватыкан удзельнікі рэкалекцый выслухалі апошняе разважанне. Засяродзіўшыся на евангельскіх благаслаўленнях з “Нагорнага казання”, кс. Мэндонса запрасіў іх шчыра ісці за Хрыстом, бо яны з’яўляюцца Яго “абліччам” і “жыццём”.
Благаслаўленні, пра якія чытаем у Евангеллі паводле св. Мацвея (Мц 5,1-11), з’яўляюцца нечым большым за закон. Яны ўвасабляюць “структуру жыцця”, “сапраўднае экзістэнцыяльнае пакліканне”, падкрэсліў рэкалекцыяніст і дадаў, што гаворка ідзе пра “мастацтва быцця тут і зараз” і адначасова “гарызонт эсхаталагічнай завершанасці”, да якога рухаемся.
Благаслаўленні ўвасабляюць “найбольш дакладны і прывабны аўтапартрэт Езуса”, “убогага духам, лагоднага і міласэрнага, прагнучага справядлівасці і міратворцы, надзеленага здольнасцю ўсіх прымаць”. Гэта выява павінна служыць для нас мадэллю, бо чым больш мы будзем ёй адпавядаць, тым больш выразна ўбачым, кім Бог ёсць на самой справе, заключыў рэкалекцыяніст.
