Папа Францішак заклікаў спыніць канфлікт у ЦАР і запэўніў у блізкасці народ Венесуэлы

Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Святы Айцец заклікаў спыніць канфлікт у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе трывае наступ паўстанцаў, якія выступаюць супраць вынікаў дэмакратычных выбараў, і напісаў ліст да кардынала Балтазара Энрыке Пораса Кардоса, у якім выказаў блізкасць да венесуэльскага народа перад абліччам выклікаў, звязаных з пандэміяй і беднасцю.

“З увагай і занепакоенасцю сачу за падзеямі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе нядаўна прайшлі выбары, на якіх народ выказаў жаданне ісці шляхам міру. Таму я заклікаю ўсе бакі да братэрскага і паважлівага дыялогу, адхілення нянавісці і пазбягання любых форм гвалту”, — сказаў Папа Францішак 6 студзеня 2021 года пасля “Анёл Панскі”.

19 снежня ў краіне пачаўся наступ паўстанцаў, накіраваны на спыненне працэсу дэмакратызацыі і перашкоду агульным выбарам. Быў захоплены Бангасу. Сярод паўстанцаў ёсць шматлікія найміты і грамадзяне Нігера, паведаміў агенцтву Fides біскуп Хуан Хасэ Агірэ Муньёс, пастыр дыяцэзіі на поўдні ЦАР. Паводле яго, у нядзелю, 3 студзеня, раніцай цяжкая артылерыя пачала абстрэл горада, і даволі хутка бунтаўнікі захапілі яго. “Ёсць як мінімум 30 забітых і параненых”, — сказаў 66-гадовы іспанскі місіянер, дадаўшы, што сярод параненых шмат дзяцей.

У гэты ж дзень, Пантыфік скарыстаўся нагодай, каб запэўніць у блізкасці народ Венесуэлы ў перыяд складанага гуманітарнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу, абцяжаранага распаўсюджваннем каранавірусу. Кароткае і шчырае пасланне да арцыбіскупа Мерыды і Апостальскага адміністратара Каракаса Святы Айцец прымеркаваў да імянінаў, якія іерарх адзначаў 6 студзеня.

Папа пажадаў кардыналу Балтазару Кардосу Божых дароў сілы і праніклівасці, каб “з бацькоўскім сэрцам суправаджаў і суцяшаў святы верны народ, што праходзіць праз выпрабаванні, выкліканыя пандэміяй, высакамернасцю магутных і ростам беднасці”.

Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

для друку для друку