Папа Францішак у стабільным стане, бронхаспазмаў не назіраецца

Стан Святога Айца стабільны: Францішак працягвае лячэнне ў клініцы “Джэмэлі”, чаргуючы розныя віды кіслароднай тэрапіі. Нягледзячы на стабільнасць паказчыкаў, прагноз застаецца стрыманым.

Паводле афіцыйнага камюніке Залы Друку Святога Пасада, апублікаванага сёння ўвечары, 1 сакавіка 2025 года, стан здароўя Папы застаецца стабільным. У паведамленні адзначаецца, што Святы Айцец, які ўжо шаснаццаць дзён знаходзіцца ў клініцы “Джэмэлі”, падтрымлівае добрыя паказчыкі газавага абмену, чаргуючы неінвазіўную механічную вентыляцыю з працяглымі перыядамі высокапаточнай кіслароднай тэрапіі.

«У Святога Айца адсутнічае павышаная тэмпература і не выяўлены лейкацытоз. Гемадынамічныя параметры стабільна захоўваюцца ў норме. Пантыфік працягвае харчавацца і рэгулярна выконваць рэспіраторную фізіятэрапію, праяўляючы актыўнае супрацоўніцтва», — паведамляецца ў бюлетэні Залы Друку.

Важным станоўчым паказчыкам з’яўляецца адсутнасць новых эпізодаў бронхаспазму. Паводле інфармацыі медыкаў, Папа Францішак захоўвае поўную яснасць свядомасці і арыентацыю. У другой палове дня 1 сакавіка 2025 года ён прыняў Святую Камунію, пасля чаго прысвяціў час малітве.

Нягледзячы на стабільнасць стану Пантыфіка, прагноз па-ранейшаму застаецца стрыманым. Урачы клінікі “Джэмэлі” працягваюць пільна сачыць за здароўем Пантыфіка, які знаходзіцца пад іх наглядам ужо больш за два тыдні.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку