Папа Францішак патлумачыў матывы новага падыходу да “трыдэнцкай” Імшы

Папа спадзяецца, што дзякуючы прыпыненню “аўтаматычнага” дазволу на цэлебрацыю Імшы паводле старога абраду з’явіццца магчымасць вярнуцца да сапраўдных намераў Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II.

Папа Францішак закрануў гэту актуальную тэму падчас сустрэчы са славацкімі езуітамі 12 верасня 2021 г. у Браціславе. Стэнаграма размовы з’явілася ў італьянскім часопісе La Civiltà Cattolica.

Святы Айцец нагадаў, што яго рашэнне «стала вынікам кансультацый з біскупамі з усяго свету», якія праходзілі ў 2021 г. “З гэтага часу тыя, хто хоча цэлебраваць паводле vetus ordo, павінны прасіць згоды ў Рыме, як гэта адбываецца з бірытуалізмам. Але ёсць маладыя святары, якія ідуць да біскупа прасіць гэтага праз месяц пасля пасвячэння”, — звярнуў увагу ён.

Папа распавёў пра кардынала, да якога прыйшлі два новапрэзбітэры з просьбай аб магчымасці вывучэння лацінскай мовы для добрай цэлебрацыі “трыдэнцкай” Імшы. «А ён, з пачуццём гумару, адказаў: «Але ў дыяцэзіі так шмат лацінаамерыканцаў! Вывучайце іспанскую мову, каб прапаведаваць ім. Тады, калі вы вывучыце іспанскую мову, вярніцеся да мяне. Я скажу вам, што ў дыяцэзіі шмат в’етнамцаў, і я папрашу вас вывучыць в’етнамскую мову. А калі вы вывучыце в’етнамскую мову, я дам вам дазвол на вывучэнне лацінскай мовы”. Такім чынам ён іх “прызямліў”, вярнуў на зямлю. Я іду наперад не таму, што хачу зрабіць рэвалюцыю. Я раблю тое, што лічу патрэбным. Гэта патрабуе шмат цярпення, малітвы і вялікай любові”, — заўважыў Пантыфік.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку