Папа Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі прымаюць удзел у велікапосных рэкалекцыях

Дапамагчы кожнаму гораду адкрыць сваё пакліканне быць адлюстраваннем нябеснага Ерузалема, заклікаў Папу Францішка і супрацоўнікаў Рымскай курыі айцец Бэрнарда Франчэска Марыя Джані.

Настаяцель бэнэдыктынскага абацтва Сан-Мініята-Аль-Монтэ ў Фларэнцыі праводзіць велікапосныя духоўныя практыкаванні для Святога Айца і яго бліжэйшых супрацоўнікаў. Раніцай 11 сакавіка 2019 года ён звярнуўся да сабраных у рэкалекцыйным цэнтры “Дом Боскага Настаўніка” ў Арычы з другой медытацыяй.

Спасылаючыся на “святога мэра” Фларэнцыі Джорджа Ла Піру, рэкалекцыяніст заўважыў, што гэты чалавек марыў аб горадзе, які стане сімвалам міра, прыгажосці, братэрства, адкрытасці і хрысціянскай любові. Яго мара цалкам супадала з марай Бога, Які ад самага пачатку гісторыі хацеў узнікнення такой “чалавечай супольнасці”. Таму Касцёл павінен актыўна садзейнічаць рэалізацыі гэтага жадання ва ўсіх гарадах.

“Не толькі грамадзянскія структуры, але Касцёл in primis павіннен працаваць, каб перамагло і стала канкрэтным жаданне Бога для ўсіх людзей”

, — дадаў прапаведнік.

Падчас уступнай медытацыі, якая прайшла вечарам 10 сакавіка, рэкалекцыяніст заўважыў, што многія сучасныя гарады нагадваюць сапраўдную духоўную пустыню, у якую святасць Касцёла можа вярнуць жыццё ў Хрысце.

Ён заклікаў удзельнікаў духоўных практыкаванняў скіраваць сваю душпастырскую дзейнасць і клопат пра людзей на тое, каб у гэтых гарадах, распалілася “жывое полымя гарачага жадання” Бога і яны зноў маглі стаць “садам прыгажосці, міру, справядлівасці, умеркаванасці, гармоніі”.

Важна мець спагадлівы позірк на жыхароў гэтых гарадоў – позірк, які меў на Фларэнцыю Джорджа Ла Піра, а таксама, які меў Езус, калі глядзеў на Ерузалем і ўсіх, каго сустракаў.

Акрамя таго, неабходна ўсведамляць, што мы жывём у “складаны гістарычны момант”, таму што “паўсюднае дыханне братэрства здаецца вельмі аслабленым”. “Сіла братэрства – гэта новая мяжа хрысціянства”, — дадаў прапаведнік.

Айцец Бэрнарда заклікаў удзельнікаў рэкалекцый дазволіць, каб Езус глядзеў на іх, каб навучыцца глядзець як Езус. Трэба быць уважлівымі да ўласнага сэрца, клапаціцца пра яго, адкрываць яго на распазнанне “прысутнасці Бога ў гэтай нашай гісторыі”.

Рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі будуць праходзіць да 15 сакавіка. Іх тэма: “Горад з палкімі жаданнямі. Пасхальныя погляды і жэсты ў жыцці свету”. На працягу духоўных практыкаванняў прагучаць дзесяць медытацый па матывах верша “Siamo qui per questo” (Мы тут для гэтага) фларэнтыйскага паэта Марыё Луцы, напісанага ў 1977 г. і прысвечанага абацтву Сан-Мініята-Аль-Монтэ.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі