Папа Францішак адказаў на старонках часопіса Piazza San Pietro бацьку, які падзяліўся складаным досведам разводу, заклікаючы да ўзаемнай павагі і міласэрнай справядлівасці.
Святы Айцец падкрэсліў, што ў адносінах галоўнае – задзейнічаць сэрца. Гэта адказ на ліст Джорджа, рымскага бацькі, які распавёў пра свой цяжкі досвед расстання з жонкай. Па словах Пантыфіка, «толькі праз сэрца нашы сем’і змогуць аб’яднаць розныя розумы і волі і прымірыць іх, каб Дух вёў нас як сетку братоў».
«Сацыяльны цуд прымірэння магчымы толькі калі нашае сэрца злучана з сэрцам Хрыста», — адзначыў Папа ў сваім адказе, апублікаваным у студзеньскім нумары часопіса, які выдае прэс-служба Базілікі Святога Пятра.
«Заклікаю касцельныя супольнасці суправаджаць параненыя сем’і, каб дзеці ніколі не станавіліся закладнікамі бацькі ці маці», — звярнуўся Францішак.
Папа таксама звярнуў увагу на небяспеку выкарыстання падарункаў як сродку маніпуляцыі: «Трэба быць уважлівымі з падарункамі дзецям, бо яны могуць стаць сапраўдным шантажом, каб адарваць іх ад любові мужа ці жонкі».
У студзеньскім нумары часопіса таксама прадстаўлены фотаздымкі вядомага амерыканскага фатографа Стыва Макары і артыкул кардынала П’етра Параліна пра фрагментарную сусветную вайну.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
