Папа Францішак адзначае восьмую гадавіну пантыфікату

Папа Францішак пасля абрання на Пасад св. Пятра

13 сакавіка 2013 г. кардынал Хорхэ Марыё Бэрголіа быў абраны на Пасад св. Пятра: першы Папа-езуіт, першы, які прыбыў з-за акіяну, першы, які выбраў сабе імя Францішак.

За восем гадоў Святы Айцец абнародаваў тры энцыклікі, правёў пяць Сінодаў, скіраваў пяць адгартацый, ажыццявіў 33 Апостальскія падарожжы, здзейсніў незлічоную колькасць жэстаў салідарнасці і падтрымкі да людзей, супольнасцей і народаў, які пакутуюць ад беднасці, войнаў, насілля, катаклізмаў, несправядлівасці.

Ідучы за прыкладам свайго нябеснага апекуна, св. Францішка Асізскага, Папа нястомна нагадвае, што менавіта ў гэтых людзях мы можам убачыць аблічча Хрыста. Таму, гаворачы пра сацыяльную справядлівасць ён заклікае ўзяць у рукі Евангелле і спаўняць тое, што кажа Езус: “Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40)”.

На думку Святога Айца, каб адпавядаць закліку Хрыста, Касцёл павінен быць “палявым шпіталём”, дасягаць “экзістэнцыяльных пэрыферый”, яго пастыры павінны мець пах авечак, а вернікі – выходзіць з зоны камфорту, каб сустракаць людзей там, дзе яны жывуць.

Папа даў імпульс шматлікім ператварэнням у Касцёле. Заўсёды з глыбокай пакорай, ніколі не губляючы з поля зроку дабро ўсёй каталіцкай супольнасці, заўсёды з усведамленнем таго, што ён – “слуга слугаў Божых”, які моцна патрабуе малітвы. Аб ёй папа Францішак просіць на заканчэнне кожнай сваёй прамовы. Зробім гэты падарунак яму.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку