Нараджэнне Езуса абвяшчаецца як “вялікая радасць”, бо яно кажа, што Бог нас любіць, падкрэсліў Пантыфік падчас аўдыенцыі для членаў руху “Каталіцкая акцыя”. Сустрэча адбылася 19 снежня ў ватыканскім Апостальскім палацы. Акрамя юнакоў і дзяўчат з дванаццаці італьянскіх дыяцэзій у ёй прынялі ўдзел таксама выхавацелі і душпастыры руху.
Звяртаючыся да сваіх гасцей Пантыфік нагадаў пра радасны характар надыходзячых святаў. Ён падкрэсліў, што крыніцай хрысціянскай радасці з’яўляецца вернасць і бязмежная любоў Бога. “Мы любімыя Богам. Гэта цудоўна! Калі мы крыху засумуем, калі будзе здавацца, што ўсё ідзе не так, каля сябар ці сяброўка расчаруюць або мы самі расчаруем сябе, тады падумаем: “Бог мяне любіць”, “Бог мяне не пакіне”. Так, шаноўная моладзь, наш Нябесны Айцец заўсёды нам верны і нават на імгненне не перастае нас любіць, ісці за намі, бегчы за намі, калі крыху аддаляемся. Таму ў сэрцы хрысціяніна заўсёды прысутнічае радасць”, — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат дзяліцца радасцю ва ўсіх асяродках: у сям’і, школе, парафіі. “Заражаць” радасцю трэба ўсіх людзей, асабліва бабуль і дзядуль. “Задавайце ім шмат пытанняў, слухайце іх, яны маюць памяць аб гісторыі, маюць жыццёвы досвед і для вас гэта будзе вялікім дарам, які дапаможа на вашым шляху”, — падкрэсліў Пантыфік.
Напрыканцы сустрэчы Францішак пажадаў, каб моладзь распаўсюджвала мір вакол сябе. Асаблівым чынам ён адзначыў праект салідарнасці руху “Каталіцкая акцыя” з юнакамі і дзяўчатамі з Неапалю, гораду з мноствам сацыяльных праблем. “Няхай Пан благаславіць гэту вашу добрую ініцыятыву”, — сказаў на заканчэнне сваёй прамовы Святы Айцец.
для друку