Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі Здзіслава Юзафа Кіяса «У віры жыцця» (Brulicante di vita), прысвечанай 800-годдзю Правіла святога Францішка, якое з’яўляецца духоўнай нормай жыцця для францішканаў.
У папскай прадмове гаворыцца аб тым, што святы Францішак Асізскі прапануе сваім братам і паслядоўнікам у якасці ўзору для пераймання не сябе, а Хрыста. Езус – адзіны настаўнік, па слядах якога трэба ісці.
На думку Папы, прастата і дух Правіла — гэта ўніверсальны дар Касцёлу на ўсе часы і без межаў. Кожны чалавек можа прытрымлівацца яго, не адмаўляючыся ад свайго паходжання і культуры. Правіла святога Францішка заклікае да гасціннасці, слухання, клопату і братэрства, запрашае чэрпаць у Евангеллі сілу і натхненне для жыцця супольнасці, адкрытай для блізкага.
Рэгула святога Францішка – гэта компас, які арыентуе і суправаджае ў жыццёвым падарожжы, — лічыць Святы Айцец. Яно нікога не падзяляе і не супрацьпастаўляе, а паказвае сумесны шлях, таму што заснавана на ўсеагульнай любові Езуса да ўсіх. Кожны чалавек, нягледзячы на цяжкасці, уздымы і падзенні, разумее, што ён не самотны, што ўсе мы звязаны адно з адным, і Касцёл – гэта дом кожнага.
Правіла святога Францішка заклікае развіваць нашу чалавечнасць, развіваць адносіны з Богам і людзьмі, клапаціцца аб іншых і любіць іх, а таксама пазбаўляцца ўсяго, што можа абцяжарваць нас духоўна альбо фізічна, — гаворыцца ў прадмове.
Сам святы жыў у адпаведнасці з Правілам, скіраваўшы погляд да Бога, клапоцячыся пра бедных і адрынутых, якіх ён называў “братамі хрысціянамі», а таксама пра наш агульны дом.
Правіла святога Францішка дазваляе, паступова ступаючы па слядах Хрыста, развіваць «схільнасць да ўсяго добрага». “Гэта шлях, які робіць нас адкрытымі для Бога і людзей, дае магчымасць паляцець у неба, якое вітае ўсю чалавечую сям’ю, жыць у міры і радасці, са свабодным і адкрытым сэрцам, з соллю любові Езуса. Гэтая соль – сапраўдны плён Правіла”, — гаворыцца ў прадмове Папы Францішка.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
