Памяць застаецца. Казіміра Сваяка ўзгадалі ў Варнянах

Асоба Казіміра Сваяка заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў і навукоўцаў. За сваё нядоўгае жыццё святар паспеў зрабіць многае. Гэта выдатны прамоўца, драматург, паэт. Яго пропаведзі краналі прысутных, прымушалі задумацца над сэнсам уласнага жыцця, а паэтычны талент дапамагаў выказваць думкі ў творчай форме. У невялікім аграгарадку Варняны да гэтага часу памятаюць свайго таленавітага земляка. Тут час ад часу праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху святара.

У аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны ў канцы лютага прайшло чарговае мерапрыемства. Імпрэза пачалася з уступнага слова пробашча мясцовай парафіі Віктара Захарэўскага, які яшчэ раз прыгадаў цікавыя факты з жыцця Казіміра Сваяка, паблагаславіў прысутных. Супрацоўнікі клуба і бібліятэкі чыталі пранікненыя вершы паэта. Пра жыццёвы і творчы шлях узгадала Людміла Кухарэвіч. Яна назвала вершы, прозу, дзённікавыя запісы святара сапраўдным набыткам для нашчадкаў і паслядоўнікаў.

Казімір Стаповіч вёў актыўную грамадскую дзейнасць: стварыў хор, а таксама гурток для адукацыі мясцовых юнакоў і дзяўчат, развіваў народны тэатр, спрыяў адкрыццю новых навучальных устаноў. Усе свае сілы святар прыкладаў для дабрабыту іншых. Яго жыццё заўсёды было ў рамках хрысціянскай маралі. Просты і сціплы лад жыцця заўсёды прыцягваў да сябе людзей. Святар стаў прыкладам для моладзі. Сапраўдным набыткам для нашчадкаў стаў зборнік вершаў “Мая ліра”. Таксама і ў кожнай сельскай бібліятэцы  Астравецкага раёна можна знайсці гэты зборнік. У ім размешчаны самыя розныя творы. Гэта і вершы-медытацыі, і вершы на евангельскія сюжэты, і балады, інават жартаўлівыя прыпеўкі.

Пробашч Віктар Захарэўскі запаліў свечку. Свечка – сімвал жыцця. Яе святло дапамагае верыць, што жыццё чалавека не скончылася, бо яно працягваецца ў яго добрых справах.

Прынялі ўдзел у мерапрыемстве вучні Варнянскай сярэдняй школы, якія таксама падрыхтавалі ўрыўкі з яго дзённікавых запісаў, вершы і прозу. Імпрэза закранула кожнага і дала магчымасць яшчэ раз звярнуцца да выдатных тэкстаў.

Вольга Заянчкоўская, бібліятэкар па сувязям з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу  ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”

для друку для друку