“Паглядзі, які смешны святы!”, або Як нараджаецца пакліканне?

Ксёндз Здзіслаў Вэдэр SDB – салезіянскі святар, які нарадзіўся ў Польшчы, але шмат зрабіў для Касцёла ў Беларусі. Пра сваё пакліканне святар распавёў “Каталіцкаму Весніку”.

Нарадзіўся кс. Здзіслаў 22 студзеня 1936 года ў Польшчы. Пакліканне да святарскага жыцця адчуў, калі пачаў хадзіць у школу. Тады настаўнікі вадзілі дзяцей на рэкалекцыі ў касцёл. Святар прыгадвае: “Я добра памятаю той дзень, тое месца, на якім стаяў, памятаю святара, які гаварыў казанне… Мне тады прыйшла думка, каб стаць ксяндзом. Тады мне яшчэ не было і 12-ці гадоў. Калі вярнуўся дамоў, распавёў пра сваё жаданне маме, якая нічога на гэта не адказала”.

Ад таго моманту, ад 1947 года, ксёндз Здзіслаў пачынае жыць толькі думкай пра рэалізацыю свайго жадання. Пасля школьных заняткаў ён часта маліўся, потым збудаваў сабе невялічкі алтарык. У гэты ж перыяд прыйшла думка ўступіць у францішканскую супольнасць.

Пра такі выпадак прыгадвае ксёндз Здзіслаў: “Аднойчы я чытаў часопіс “Рыцар Беззаганнай” і там пабачыў, што францішкане прымаюць кандыдатаў да законнага жыцця. Нікому нічога не сказаўшы, напісаў просьбу пра тое, каб мяне прынялі. Але нейкім чынам мае стрыечныя сёстры даведаліся, што я маю нейкую таямніцу. Яны хацелі забраць гэтае пісьмо, таму я ўцякаў ад іх дзесьці 15 хвілін. Урэшце яны мяне акружылі, не было выйсця. І давялося выкінуць маю просьбу ў калодзеж. Так скончылася маё пакліканне да францішканскага закону”.

Знаёмства з ксяндзом Боска (заснавальнікам ордэна салезіянаў) адбылося, калі будучы ксёндз Здзіслаў са сваім братам спазніўся ў нядзелю ў касцёл. Хлопцы вырашылі застацца на другую Імшу. У перапынку яны пайшлі ў парафіяльную краму. Тады, убачыўшы выяву з кс. Боска, будучы святар сказаў брату: “Паглядзі, які смешны святы!”

Святар адзначае: “Зараз я б сказаў па-іншаму: “Які радасны святы”!

Ужо пад канец года, пасля сканчэння сямігадовай школы, настаўніца пыталася ў вучняў, кім яны хочуць стаць. Калі ж чарга падышла да Здзіслава, ён падмануў і сказаў, што будзе шаўцом. Настаўніца ж на гэта адказала: “Хоць адзін выбраў практычную прафесію”.

“У той дзень, калі я выйшаў на калідор, убачыў манахіню-уршулянку, якая вяла ў нас заняткі па рэлігіі. Яна спытала, што са мной здарылася. А я ёй адказаў так: “Сястра, я хачу быць святаром і не ведаю, куды пайсці”. Манахіня расказала, што да іх у кляштар прыходзіць ксёндз-салезіянін Аляксандр Дрозд. Яна нас і пазнаёміла”, – распавядае святар.

Нікому нічога не сказаўшы, хлопец выпраўляецца да інспектара салезіянаў. Сакратар інспектара расказаў, што ёсць Ніжэйшая салезіянская семінарыя ў Лёндзе. Маючы 13 гадоў, Здзіслаў напісаў туды просьбу. Праз некалькі дзён прыйшоў адказ аб тым, што ён прыняты.

Толькі потым пра ўсё расказаў родным. Мама завезла хлопца ў семінарыю. Было 1 верасня 1949 года. У 1951 годзе пачаўся навіцыят у Чэрвінску на Вісле. У 1952 годзе кс. Здзіслаў склаў першыя законныя шлюбы на тры гады. Святарскае пасвячэнне атрымаў 3 чэрвеня 1962 года. Потым было служэнне ў Польшчы: заканчэнне спецыяльных тэалагічных курсаў, праца ў салезіянскіх фармацыйных асяродках і ў парафіяльным душпастырстве…

У Беларусь ксёндз Здзіслаў трапляе ў 1990 годзе. Нёс служэнне ў Жупранах, Лідзе, Смаргоні. У 2015 годзе быў прызначаны духоўным айцом гродзенскай семінарыі. У 2017 годзе накіраваны на працу ў Смаргонь.

Ірына Радзевіч

для друку для друку