Шмат дарог, сцяжынак ёсць у жыцці. Дарога ў школу, у садок, да працы, на сустрэчу з каханай і каханым, дарога ў касцёл, у краму… Але найпрыгажэйшы шлях – гэта шлях, які перажываем кожную пятніцу ў нашых касцёлах, шлях нашага Настаўніка і Збаўцы – Крыжовы шлях Любові. Ідучы па жыцці разам з Езусам вучымся, якія каштоўнасці трэба выбіраць, каб быць сапраўдным апосталам і паслядляўнікам Езуса ў сучасным свеце.
Падлеткі Браслаўскай парафіі правялі Набажэнства Крыжовага шляху. Галоўнай думкай у разважаннях безумоўна была Любоў, бо толькі яна мае сілу прабачаць і аздараўляць. Грахі нас зневаляюць, скоўваюць у свае путы, не дазваляюць жыць у паўнаце і свабодзе, а Езус прагне нас вызваліць праз муку і смерць, праз святыя сакраманты, якія даверыў нам у Касцёле. Гэты Крыжовы шлях сімвалічна прамовіў пра Любоў Езуса. На кожнай стацыі маладыя асобы, трымалі ў руках розныя грахі, якія перашкаджаюць жыць у свободзе, потым аддаючы іх Богу, грахі прыбіваліся да Крыжа.
Разважанням і малітве спадарожнічаў велікапосны спеў:
«Не цвікі Цябе трымалі, а мой грэх,
I не каты крыжавалі, а мой грэх,
Не кап’ё прабіла Сэрца, а мой грэх,
Ты яшчэ да нараджэння любіў мяне.»
Менавіта так, наш Збаўца яшчэ да нашага нараджэння любіў кожнага з нас. А цяпер наш час, час ласкі вызвалення ў Божым Збаўленні.