Рэкалекцыі «Зазірні ў люстэрка сваёй душы» прайшлі з 9 па 11 чэрвеня ў кляштары Сясцёр францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім. Сабралася моладзь не толькі з нашай парафіі, але і з Полацка, Дзеркаўшчыны, Оршы. Праводзіў рэкалекцыі а. Ілля Саўчанка MIC.
«Распачаць летні адпачынак пасля экзаменаў разам, з малітвай і праслаўленнем Пана — маё лепшае рашэнне,» — прызналася адна з удзельніц рэкалекцый. І з гэтымі словамі нельга не згадзіцца, бо варта трываць у Хрысце заўжды, нават падчас «шэрых будняў».
Першы дзень рэкалекцый пасля знаёмства, супольнай малітвы скончыўся Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту.
На другі дзень для ўдзельнікаў рэкалекцый была арганізавана экскурсія ў касцёл Святой Тройцы і сабор Раства Прасвятой Багародзіцы. Пасля адбыўся вясёлы вечар з танцамі, гульнямі для моладзі. А напрыканцы ўсе разам сабраліся ў капліцы на малітву праслаўлення.
Падчас казанняў і канферэнцый а. Ілля выказаў шмат трапных думак, якія дазволяць моладзі правесці лета з карысцю для душы. Але асноўнымі «слупамі» духоўнага жыцця кожнага з нас павінны быць наступныя: Біблія, Малітва, Эўхарыстыя і Супольнасць. «Ніколі, нават у самыя цяжкія хвіліны свайго жыцця не забывай, што Бог цябе любіць. І ён добры,» — прамовіў падчас адной з канферэнцый святар.
Тры дні «праляцелі» так хутка, што не хацелася развітвацца і вяртацца ў звычайны рытм жыцця. Дзякуй а. Іллі і сёстрам францішканкам за гэты плённы час!
Яна Барысевіч, тэкст
с. Людміла Рубніковіч, фота