Новыя прызначэнні ў Апеляцыйны суд Ватыкана

Папа прызначыў Прамотарам справядлівасці Апеляцыйнага суда Ватыкана пракурора Кацю Сумарыа. Да апошняга часу гэтую пасаду займаў прафесар Рафаэле Копала.

Каця Сумарыа шмат гадоў працавала пракурорам у Італіі: у 1980-1989 гг. – судовым аўдытарам, потым намеснікам пракурора Акруговай пракуратуры Рыма, а з 2000 г. па 2011 г. – намеснікам пракурора Рымскага суда. У 2011-2017 гг. яна займала пасаду пракурора ў Апеляцыйным судзе Рыма. У 2015 г. увайшла ў склад Камісіі па вывучэнні рэформы судовай сістэмы Міністэрства юстыцыі Італіі.

Разам з тым, Пантыфік прызначыў двух новых суддзяў Апеляцыйнага суда Ватыкана – італьянскага святара, аўдытара Трыбунала Рымскай Роты Франчэска Віскомэ і італьянскага юрыста Масіма Масэла Дучы Тэры.

Такім чынам, у вышэй названай юрыдычнай установе адбываецца паступовая змена пакаленняў. Акрамя таго, назіраецца тэндэнцыя прызначэння ў судовыя структуры Ватыкана італьянскіх юрыстаў.

Апеляцыйны суд – другі ўзровень ватыканскай судовай сістэмы. У яе ўваходзяць таксама Трыбунал Дзяржавы Ватыкан, які ўзначальвае Джузэпэ Піньятонэ, і Касацыйны суд, старшынёй якога з’яўляецца кардынал Дамінік Мамбэрці, прэфект Апостальскай сігнатуры.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку