Новы доктар тэалогіі ў Віцебскай дыяцэзіі

Сястра Дар’я Галубкова OV 25 чэрвеня 2020г. абараніла доктарскую дысертацыю па маральнай тэалогіі на тэму «Маральныя дылемы чалавека перад абліччам вайны ў творчасці Васіля Быкава (1924-2003)». З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце абарона дысертацыі адбылася анлайн з Віцебскай катэдры.

Сястра Дар’я прадставіла і абараніла сваю працу перад прафесарскай камісіяй Люблінскага Каталіцкага Універсітэта Яна Паўла ІІ. Доктар Дар’я Галубкова OV адказала на некалькі пытанняў для «Каталіцкага Весніка».

— Сястра Дар’я, чаму Вы выбралі менавіта такую тэму для сваёй дысертацыі?

— Мне асабіста вельмі падабаецца творчасць нашага вялікага празаіка. У сваіх творах ён падымае складаныя тэмы кшталту вернасці чалавека свайму сумленню і няпростага маральнага выбару ў жахлівы перыяд вайны. Акрамя таго Васіль Быкаў – мой зямляк, таму мне хацелася даследаваць яго творчасць з гледзішча каталіцкай тэалогіі.

— Але ж ён не быў актыўным хрысціянінам, ды і гэта наўрад ці было магчыма ў часы савецкага атэістычнага рэжыму?

— Гэта сапраўды так. Творы Быкава бязлітасна цэнзураваліся савецкімі цэнзарамі менавіта за тое, што Быкаў не пісаў для ідэалогіі, а задумваўся над прызначэннем чалавека і над яго сумленнем. Ужо тое, што яго твор “Мёртвым не баліць” ляжаў у шуфлядзе аж 17 гадоў, шмат пра што сведчыць. Тым не менш, у яго творах знаходзім адсылку да Божых запаведзяў і Божага закону.

— Што было самым складаным у напісанні працы?

— Мне давялося перачытаць абсалютна ўсе яго творы. Прынамсі тое, што ёсць у доступе. Але не гэта было самым складаным. Знайсці час на навуку – вось гэта было выпрабаваннем. Але гэта таго варта. Таму хацелася б падтрымаць маладых навукоўцаў, якія толькі пачынаюць свой шлях да абароны дысертацыі. Нельга баяцца і апускаць рук. Варта ўкладаць у самога сябе праз адукацыю. А для нас, веруючых людзей, яшчэ і немалаважна, што Божая ласка, Дух Святы дапамагае.

— Дык што ж усё-ткі раіць Быкаў чалавеку, калі ён апынаецца ў няпростым жыццёвым становішчы?

— Ведаеце, Уладзімір Караткевіч называў Васіля Быкава рыцарам сумлення і свабоды. Акрамя таго яго яшчэ называюць сумленнем нацыі. І гэта не проста так. Быкаў шмат піша пра сумленне чалавека, пра тое, што трэба заўсёды заставацца чалавекам. Ён часта ўжывае слова “чалавечнасць”. Я бачу ў гэтым адсылку да натуральнага права, якое ўпісана ў сэрцы кожнага: не рабі іншаму нічога такога, што табе самому не міла. Вось менавіта за такую паставу Быкаў спазнаў сапраўдны пераслед з боку савецкай ідэалагічнай сістэмы.

— Які ваш любімы твор Быкава?

— Гэта аповесць “Мёртвым не баліць”. Справа ў тым, што гэта аўтабіяграфічны твор пісьменніка. У вобразе галоўнага героя адсочваецца яго жыццёвы шлях. Акрамя таго, Быкаў як пісьменнік вельмі смелы. У творы ён паказвае, што не ўсё так адназначна. І ворагі могуць быць сярод сваіх. Галоўны адмоўны герой у аповесці – гэта супрацоўнік спецслужб.

— Якія ў Вас далейшыя планы? Будзеце дзе-небудзь выкладаць?

— Па шчырасці кажучы, мне б гэтага вельмі хацелася. Хочацца падзяліцца здабытымі ведамі з іншымі. Асабліва я вельмі ўдзячная маім выкладчыкам з Універсітэта ў Любліне. Яны вельмі дапамаглі мне ў падрыхтоўцы да абароны, уклалі ў мяне свае намаганні і веды. Таму цяпер я абавязана не хаваць гэта ў шафу, а дзяліцца гэтым.

Гутарыў кс. Віктар Місевіч

Даведка:

Сястра Дар’я Галубкова OV нарадзілася 08.01.1988г. у Віцебску. Скончыла гуманітарную гімназію №2 і Школу мастацтваў №2 г. Віцебска. У 2005-2010 гг. навучалася ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце Яна Паўла ІІ, па завяршэнні атрымала тытул магістра тэалогіі. У гэтым жа ўніверсітэце навучалася на дактараце ў 2014-2018 гг. У цяперашні час з’яўляецца супрацоўніцай у Карытас Віцебскай дыяцэзіі, а таксама працуе катэхеткай і арганісткай у парафіі Святога Уладзіслава ў Віцебску.

У Віцебскай дыяцэзіі доктарамі тэалагічных навук з’яўляюцца кс. доктар Сяргей Сурыновіч (працуе ў Друі), кс. доктар Мікалай Ціхановіч (працуе ў Глыбокім), кс. доктар Валерый Марціноўскі (працуе ў Паставах). З Відзаў паходзіць доктар філасофскіх навук с. Тэрэза Абалевіч, якая працуе ў Польшчы. Дарэчы тут можна пачытаць інтэрв’ю з с. Тэрэзай Абалевіч, якое яна дала для «Каталіцкага Весніка» ў 2015 годзе.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі