Сястра Тэрэса Абалевіч паходзіць з Відзаў, што на Віцебшчыне, і з’яўляецца навукоўцам. Мае тытул доктара філасофіі і займаецца выкладчыцкай дзейнасцю, навучаючы студэнтаў у Папскім універсітэце Яна Паўла ІІ у Кракаве. Кіруе кафедрай філасофіі рэлігіі. “Каталіцкі Веснік” сустрэўся з сястрой Тэрэсай і пагутарыў пра любоў да мудрасці. Менавіта так перакладаецца з грэцкай мовы слова “філасофія”.
– Сястра Тэрэса, наколькі я разумею, спачатку ў Вас з’явілася любоў да манаскага жыцця, а потым ужо захапленне філасофіяй?
– Так, я належу да ордэна сясцёр-служабнічак і ўжо 18 гадоў іду шляхам манаскага паклікання. Пачула Божы голас і вырашыла стаць манахіняй. А вось пра тое, што давядзецца займацца навукай, нават і не думала.
– І дзе пачаліся Вашыя прыгоды па спасціганні філасофіі?
– Божая воля завяла мяне ў Арэнбург, што ў Расіі, дзе і давялося сутыкнуцца з філасофіяй. Я навучалася там у філіяле каледжа Св. Фамы, які цяпер мае статус інстытута. Падчас навукі я перакладала тэксты па філасофіі з польскай мовы на рускую. Гэта было неабходна, каб даць магчымасць навучэнцам лягчэй засвойваць веды. А потым ужо ў польскім Тарнаве, вывучаючы тэалогію, напісала магістарскую працу па філасофіі. Тэма датычыла асобы расійскага філосафа Уладзіміра Салаўёва.
– Што Вас найбольш захапляе ў філасофіі?
– Дзякуй за цікавае пытанне. Па-першае, гэтая навука дае магчымасць паглядзець на розныя з’явы чалавечага жыцця з розных пунктаў гледжання. Людзі з розных эпох шукаюць праўду праз “любоў да мудрасці”. Як хрысціяне мы цудоўна разумеем, што праўда – яна адна. Але як філосаф я разумею таксама, што людзі па-рознаму шукаюць праўду. І таму філасофія вучыць мяне адкрытасці на думкі іншых мысляроў. Філосаф не можа не паважаць меркаванне іншых, бо кожны мае права на свой пункт гледжання. Канешне, бываючы на розных семінарах, я часта дыскутую з іншымі навукоўцамі, прапаную ім свае аргументы, але адначасова вельмі цаню іх свабодныя перакананні. Гэта другі момант, які мне вельмі падабаецца ў філасофіі: адкрытасць.
– Атрымліваецца, што, акрамя усім вядомага тлумачэння філасофіі як любові да мудрасці, можна таксама сказаць: філасофія – гэта пошук праўды?
– Дакладна так. Яшчэ Ян Дамаскін у свой час зазначыў, што філасофія – гэта любоў мудрасці, а мудрасць – гэта Бог, значыць, філасофія – гэта любоў Бога. Таму філасофія – гэта вельмі хрысціянскі занятак.
– А што наконт Вашага ўлюбёнага філосафа?
– Ёсць такі. Я пісала доктарскую дысертацыю па ім. Гэта Сімяон Франк. Расійскі філосаф, які працаваў у Нямеччыне, Францыі і Англіі. Калі ўпершыню сутыкнулася з яго працамі, у мяне было пачуццё, што я б таксама так напісала, як ён. Настолькі яго думкі супадалі з маімі. Галоўная яго праца выйшла пад тытулам “Неспасцігальнае”. Асноўная ідэя працы – гэта думка, што Бога нельга спасцігнуць. З іншага боку, Франк, будучы хрысціянскім філосафам, падкрэслівае блізкую прысутнасць Бога.
– Зразумела, што Вы як каталічка любіце хрысціянскіх мысляроў. А ці чытаеце прадстаўнікоў нехрысціянскіх плыняў?
– Безумоўна, каб добра валодаць матэрыялам, неабходна прасачыць усю гісторыю філасофіі, якая багатая на вялікія імёны старажытнасці і на філосафаў навейшага часу, што не былі вернікамі. Мой рэцэнзент у Кракаве любіў паўтараць: “Не абавязкова быць вызнаўцам, але трэба быць знаўцам”. І таму, каб знайсці аргументы супраць Канта альбо Ніцшэ, трэба проста ведаць, што сказалі той самы Кант або Ніцшэ.
– Беларуская сістэма адукацыі не прадугледжвае нейкіх уводзінаў у курс філасофіі на базе школьнай праграмы. Аднак, магчыма, хтосьці з нашых чытачоў захацеў бы пачаць сваю вандроўку па ведах філасофіі. Што б Вы параілі такому чалавеку? З чаго пачаць?
– Класік у гісторыі філасофіі – гэта Уладзіслаў Татаркевіч. Яго падручнік перакладзены на рускую мову. Можна, канешне, пачаць чытаць адразу працы некаторых філосафаў, але я не ўпэўненая, што такі шлях будзе лёгкім. Чытачу будзе цяжка зразумець, што меў на ўвазе той ці іншы мысляр, калі ён не будзе валодаць неабходнымі базавымі ведамі. Аднак магу параіць кнігі Сімяона Франка “З намі Бог” і “Рэальнасць і чалавек”. Думкі, прадстаўленыя філосафам, там вельмі глыбокія, але нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі, каб проста чытаць, не патрабуецца.
– Сястра Тэрэса, Вам даводзіцца шмат падарожнічаць з лекцыямі. Скажыце, ці ёсць у Вас навуковыя кантакты з беларускімі адмыслоўцамі? І што можаце сказаць пра беларускую філасофію як навуку?
– Так, безумоўна, я сустракалася з беларускімі філосафамі, якія прыязджалі да нас, у Кракаў, на семінар. Хачу адзначыць дастаткова добры ўзровень іх ведаў. Аднак трэба прызнаць, што ў Беларусі проста не хапае літаратуры па філасофіі. На жаль, слаба рэпрэзентаваная філасофская спадчына сусветнага маштабу на беларускай мове. І даводзіцца таксама сутыкацца з тым, што ў беларускіх ВНУ філасофія выкладаецца яшчэ ў старой марксісцкай парадыгме. А гэта аднабаковы падыход да справы. Як я ўжо сказала вышэй, філасофія любіць адкрытасць.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
