5 і 6 жніўня ў Росіцы адбыліся ўрачыстасці. Гэта маленькая вёска ў Верхнядзвінскім раёне стала месцам трыўмфу любові, мужнасці, сапраўднай пастырскай адданасці Хрысту і людзям.
Тут у лютым 1943 года падчас карнай экспедыцыі ў агні згарэла больш за паўтары тысячы чалавек, а разам з імі – бласлаўлёныя мучанікі айцы марыяне Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Святары дабравольна выбралі смерць, каб у гадзіну страху і выпрабаванняў быць разам са сваімі вернікамі і дапамагаць ім духоўна.
Урачыстасці распачаліся Імшой для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч разам з арцыбіскупам на пенсіі Тадэвушам Кандрусевічам і апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Адметнасцю сталі дзве значныя падзеі: пасля двухгадовага перапынку была адноўлена пешая пілігрымка Друя – Росіца. У гэтым годзе пад кіраўніцтвам айцоў марыянаў трохдзённы шлях пераадолелі 105 чалавек. Таксама прыгожым фактам стаў хрост маленькага Міхаіла Руткевіча. Перад удзяленнем сакраманту біскуп Алег зазначыў: “Як абвяшчае адна з хрысціянскіх праўдаў: кроў мучанікаў з’яўляецца насеннем хрысціян. І сёння мы гэтую праўду перажывем у даслоўным значэнні.”
У далейшай малітоўнай праграме былі Акафіст Росіцкім мучанікам, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, канферэнцыя а. Аляксандра Жарнасека МІС і Ружанцовая малітва. У гэты час шматлікія вернікі прыступілі да споведзі, каб вызнаць свае грахі і паяднацца з Езусам Хрыстом.
Святую Імшу апоўначы ўзначаліў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас свайго казання іерарх нагадаў, што “гісторыя Касцёла – гэта не толькі гісторыя яго славы, але таксама і гісторыя ганенняў і мучаніцтва”. Сярод прыкладаў мучаніцтва мітрапаліт затрымаўся і на прыкладзе айцоў Юрыя і Антонія.
“Росіцкія мучанікі не заставілі сваіх вернікаў без пастырскай апекі, калі іх разрываў воўк у вобразе чалавека. Не збеглі, бо не былі наймітамі, але сапраўднымі пастырамі. Да канца баранілі свой статак, нават коштам асабістага жыцця. Сваёю смерцю пацвердзілі словы Хрыста, што няма большай любові калі хтосьці аддае жыццё за іншага чалавека.
Напэўна для многіх, асабліва сучасных людзей, іх ахвяра з’яўляецца незразумелай, бо так ці інакш людзі павінны былі загінуць. Аднак яны ведалі што рабілі. Засталіся вернымі пастырамі даверанага іх пастырскай апецы народа да канца і гэтую вернасць пацвердзілі праліццём крыві.”
Разам з тым мітрапаліт Тадэвуш прапанаваў паразважаць: “У гадзіну выпрабаванняў нашай веры секулярнымі тэндэнцыямі, якім вернікам я з’яўляюся? Сапраўдным або штучным? Што мяне яднае з Касцёлам – пасведчанне аб хросце ці сапраўднае хрысціянскае жыццё? (…)
Няхай прыклад бласлаўлёных айцоў Юрыя і Антонія дапаможа нам не баяцца цяжкасцяў сучасных выклікаў, каб мы сумленна выконвалі свае жыццёвыя абвязкі і былі сведкамі хрысціянства. За гэта Хрыстус напрыканцы нашага жыцця скажа: “Слуга верны, увайдзі ў радасць Майго Валадарства”.
Пасля заканчэння святой Імшы ўдзельнікі ўрачыстасцяў накіраваліся на месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных святароў. Спяваючы літанію да ўсіх Святых з запаленымі свечкамі ў руках вернікі ішлі на пляц мучаніцтва. Ішлі туды, дзе ў агні згарэлі людзі, туды, дзе любоў перамагла нянавісць і зло. Быццам знак гэтай перамогі на тым месцы ўсталяваны высокі крыж, адарацыяй якога і скончылася працэсія.
Зорная ноч і пакінутыя ля крыжа свечкі рассейвалі начную цемру і нагадвалі кожнаму, што Любоў Хрыста перамагае цемру граху, цемру нянавісці і нашых штодзённых цяжкасцяў. Бо “няма большай любові як жыццё аддаць за сяброў сваіх” (пар. Ян 15,13).
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа