26 студзеня 2025 года ў Касцёле будзе адзначацца Нядзеля Божага Слова – урачыстасць, заснаваная Папам Францішкам шэсць гадоў таму назад. Сёлетняя тэма – «Спадзяюся на Слова Тваё» (Пс 119, 81).
З нагоды 6-й Нядзелі Божага Слова ў ватыканскай базіліцы адбудзецца святая Імша, якую будзе цэлебраваць Пантыфік. Падрабязнасці цырымоніі паведаміла Дыкастэрыя па евангелізацыі.
Эўхарыстыя распачнецца ў Базіліцы Святога Пятра ў 9.30 раніцы. Яе ўдзельнікі атрымаюць у падарунак ад Папы Францішка Евангелле святога Лукі. Гэтым жэстам, які стаў традыцыяй, Папа імкнецца нагадаць вернікам пра іх адказнасць за веданне Божага Слова.
Падчас святой Імшы адбудзецца абрад устанаўлення на паслугі лектарату сарака свецкіх вернікаў з розных краін свету: Албаніі, Аргенціны, Аўстрыі, Балівіі, Бразіліі, Ісландыі, Італіі, Мексікі, Польшчы, Славеніі і Філіпін.
Дыкастэрыя па евангелізацыі падрыхтавала бясплатны анлайн-дапаможнік з літургічнымі і душпастырскімі матэрыяламі для малітвы, разважання і сустрэчы са Словам Божым. Таксама ў ім можна азнаёміцца з артыкуламі, разважаннямі і душпастырскімі парадамі. Знайсці дапаможнік можна на сайце www.evangelizatio.va на шасці мовах: англійскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, польскай і французскай.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
