18 лютага, падчас Велікодных рэкалекцый, якія праходзілі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адбылася значная падзея.
З нагоды святкавання 25-гадовага юбілею заснавання семінарыі клерыкі на чале з кс. біскупам Юзафам Станеўскім і кс. рэктарам Раманам Рачко сустрэлі рэліквіі і абраз вельмі вядомага і шанаванага ў нашай краіне бл. кс. Міхала Сапоцькі.
Дзякуючы рэкалекцыяністу кс. Яну Пузыну, які вельмі прасякнуты духоўнасцю бл. кс. Міхала Сапоцькі, семінарысты мелі магчымасць не толькі фізічна, але і духоўна дакрануцца да спадчыны благаслаўлёнага і паразважаць над яго жыццём і думкамі.
Падчас канферэнцый, якія праходзілі ў семінарыі, кс. Ян Пузына падзяліўся сваім сведчаннем веры на шляху да святасці і дапамог будучым святарам аднавіць сваю сувязь з Хрыстом, разважаючы над тэмай “Благаслаўлёныя ўбогія духам”.
Рэкалекцыяніст заахвоціў, каб менавіта праз постаць бл. кс. Міхала Сапоцькі кожны з клерыкаў паглыбіў сваю веру і клапаціўся аб чысціні сваіх інтэнцый у будаванні Божага Валадарства на зямлі.
Святая Імша, набажэнства “Песні жальбы”, Крыжовы шлях, супольныя і асабістыя малітвы падчас адарацыі Найсвяцейшага сакраманту, споведзь, разважанне над Святым Пісаннем вельмі дапамаглі клерыкам плённа падрыхтавацца да велікапоснай дарогі навяртання.
Вышэйшая Духоўная Семінарыя ў Гродне
