З 26 па 28 чэрвеня наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Воранаўскага раёна знаходзіліся ў лагеры пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Гродзенская дыяцэзія).
На гэтых “канікулах з Богам” у іх быў час і для адпачынку, і для заняткаў спортам. Цэнтральнай падзеяй кожнага дня была святая Імша, на якой святар маліўся аб здароўі для ўдзельнікаў.
Душэўнай была сустрэча наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі з пробашчам парафіі кс. Дзянісам Крываносавым SAC, які распавёў ім пра гісторыю мясцовай святыні, а таксама бліжэй пазнаёміўся з імі. Акрамя таго, кс. Дзяніс правёў з імі гутарку на тэму “Сям’я і сямейныя каштоўнасці”.
Важным было і тое, што ў лагеры яны змаглі прымяніць свае навыкі па дамаводстве, атрыманыя на занятках рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні “Утульны дом”. У апошні дзень канікул да іх далучыліся жыхары дома сумеснага самастойнага пражывання ў вёсцы Германішкі.
У канцы канікул удзельнікі падзякавалі пробашчу парафіі за арганізацыю гэтага адпачынку, уручыўшы сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі.
