На Вішняўцы ў Гродне адбылася сустрэча кіраўнікоў руху «Маці ў малітве» Гродзенскай дыяцэзіі

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй 15 студзеня 2025 года прызначыў кс. Валерыя Пупкевіча SCJ духоўным настаўнікам і мадэратарам руху «Маці ў малітве» для Гродзенскай дыяцэзіі, спадзеючыся, што гэтае служэнне прынясе духоўныя плёны і дапаможа ў фарміраванні маці гэтай дыяцэзіі.        

8 лютага 2025 года ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне спаткаліся кіраўнікі руху Гродзеншчыны. Гэтае месца было выбрана не выпадкова. У гэтай парафіі, якой духоўна апякуюцца ксяндзы сэрцане, сваю душпастырскую паслугу ў якасці вікарыя нясе таксама кс. Валерый, дыяцэзіяльны настаўнік і мадэратар руху. Гэты дзень аб’яднаў у малітве матуль якія былі прадстаўнікамі ў парафіяльных супольнасцях, пры якіх дзейнічае рух. У Гродна прыехалі кіраўнікі з Смаргоні, Ліды, Бярозаўкі, Шчучына, Раготна, Іўя, Крупава, Воранава, Навагрудка. На спатканні прысутнічала таксама кіраўнік руху “Маці ў малітве” з Гродна. На гэтую сустрэчу была запрошана каардынатар руху «Маці ў малітве” Беларусі Людміла Губіна з Мінска, якая фізічна не змагла быць на спатканні, але духоўна ядналася з усімі матулямі. Ад яе імя прадстаўніком была Алена Бацкалевіч з Ліды, якая з’яўляецца кіраўніком руху ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Спатканне распачалося з адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. На каленях, у пакоры, са шчырым сэрцам маці злучыліся ў малітве за сваіх дарагіх дзяцей. На гэтае спатканне прыехаў таксама біскуп Уладзімір Гуляй, які на працягу некалькі хвілін разам з усімі прысутнымі матулямі аддаў пашану Езусу Хрысту.

Найважнейшым і цэнтральным момантам гэтага дня стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне біскуп Уладзімір Гуляй у канцэлебры з кс. Валерыем Пупкевічам SCJ. На пачатку Эўхарыстыі мадэратар ксёндз Валерый сардэчна прывітаў усіх маці, а затым папрасіў біскупа ўзначаліць літургію ў інтэнцыі руху «Маці ў малітве», які не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і ва ўсім свеце. Пастыр атуляў малітвай матуляў і іх дзяцей, успамінаючы таксама пра сваю дарагую матулю. Разважаючы над Божым словам, іерарх звярнуў увагу на адпачынак з Езусам Хрыстом. Біскуп прапанаваў усім маці, каб у сваёй штодзённасці, мітусні, клопатах, а асабліва ў справах, звязаных з выхаваннем дзяцей, яны знаходзілі час на адпачынак пры Божым Сэрцы, бо менавіта там можна набрацца духоўных і фізічных сіл, неабходных кожнай маці.

У працэсіі з дарамі да алтара маці прынеслі свае сэрцы, напоўненыя гарачай любоўю і малітвай за сваіх дзяцей. Прынеслі шалікі, як знак прыналежнасці да руху, а таксама хлеб і віно, якія на алтары перамяніліся ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.

На заканчэнне святой Імшы кіраўнікі руху падзякавалі біскупу за прысутнасць, Слова Божае, клопат аб усіх маці. Аб чым сведчыць прызначэнне духоўнага настаўніка для ўсёй дыяцэзіі. Перадалі на памяць фота-калаж груп, якія дзейнічаюць у дыяцэзіі. Словы падзякі і віншаванні скіравалі таксама да кс. Валерыя як да свайго настаўніка на шляху веры, жадаючы плённага служэння Богу, Касцёлу і матулям Гродзенскай дыяцэзіі.

На заканчэнне літургіі адбылося бласлаўленне маці на добрую справу служэння ў парафіяльных супольнасцях. Як бачны знак прыналежнасці да руху, біскуп асвяціў шалікі, якія маці прынеслі ў ахвярных дарах.

Урачыстую Эўхарыстыю сваім спевам упрыгожваў хор «Ave Maria», які актыўна дзейнічае ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.

Пасля святой Імшы ўсе кіраўнікі руху разам з біскупам Уладзімірам сустрэліся на супольным абедзе. Іерарх блаславіў ежу і тых, хто яе прыгатаваў. Гэта быў добры момант, каб удзельнікі спаткаліся, падзяліліся між сабой радасцю прыналежнасці да малітоўнага руху. Пасля абеду была магчымасць сабрацца ўсім разам за кавай, падзяліцца сваім вопытам, уражаннямі і сведчаннямі. Удзельнікі спаткання хацелі бліжэй пазнаёміцца са сваім духоўным настаўнікам. Ксёндз Валерый звярнуўся з прамовай да кіраўнікоў, заахвочваючы іх да супрацоўніцтва з Божай ласкай і між сабой у служэнні матулям нашай дыяцэзіі. Да гэтай сустрэчы далучыўся пробашч парафіі ксёндз Ян Этэль SCJ. Праз інтэрнэт у размове была прысутная Людміла Губіна, якая падзякавала біскупу за яго ўклад у развіццё руху «Маці ў малітве» Гродзенскай дыяцэзіі.

Да сабраных прамовіў біскуп Уладзімір і нагадаў пра Год Надзеі, перажываны ва ўсім Касцёле. “Усе мы — пілігрымы на гэтай зямлі,” – сказаў пастыр і заахвоціў маці, каб не стамляліся і ўсе разам у гэтым годзе наведалі юбілейную святыню, у якой можна атрымаць адпуст.

На добры шлях развіцця руху “Маці ў малітве” біскуп Уладзімір удзяліў усім прысутным пастырскае бласлаўленне.

Кс. Валерый Пупкевіч SCJ, тэкст
Вольга Лючэк, фота

для друку для друку