На могілках у Варнянах каталіцкі і праваслаўны святары благаславілі злучаныя паміж сабою крыжы

8 верасня ў Варнянах (Астравецкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) на мясцовых могілках адбылося благаслаўленне двух злучаных паміж сабой крыжоў: каталіцкага і праваслаўнага.

Устаноўка новых крыжоў — не проста падзея, гэта вынік, за якім хаваецца добрая воля людзей розных канфесій, іх сяброўства, узаемная павага.

Крыжы былі асвечаныя пробашчам Варнянскай парафіі кс. Віктарам Захарэўскім і айцом Мікалаем Уцякалкам, які абслугоўвае храм святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў Варнянах. У гэты дзень разам са святарамі на могілках сабраліся вернікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, каб прыняць удзел у набажэнстве. Пасля асвячэння крыжоў спачатку сваю малітву за памерлых скіраваў айцец Мікалай, пасля ксёндз Віктар правёў сваё набажэнсва.

Кс. Віктар Захарэўскі, які ініцыіраваў ідэю стварэння і ўстаноўкі гэтых крыжоў і якому вельмі ўдзячны ўсе жыхары Варнян і навакольных вёсак, лічыць, што мястэчка Варняны, у якім у сяброўстве жывуць праваслаўныя і католікі, у якім ёсць касцёл і царква, даўно патрабаваў аб’екта, які стане агульным сімвалам дзвюх канфесій. І вось ён з’явіўся на мясцовых могілках.

“Калі зазірнуць у гісторыю Варнян, то раней тут жылі пераважна католікі, але паступова, асабліва ў савецкія часы, сюды сталі прыязджаць на пастаяннае месца жыхарства праваслаўныя вернікі. Пакуль тут не было царквы, многія наведвалі касцёл, але зараз, калі царква з’явілася, яны маюць шчасце маліцца ў сваёй святыні. Увогуле, самымі важнымі месцамі ў любым пасёлку з’яўляюцца святыня і могілкі. У Варнянах ёсць і касцёл, і царква, а вось могілкі адны, на якіх спачываюць усе памерлыя, незалежна ад веравызнання. Таму і нарадзілася ідэя, каб на могілках з’явіліся два злучаныя крыжы.

Мы адна мясцовасць, у нас адзін Бог, таму мы павінны жыць у брацтве, міры і згодзе. Цешуся, што айцец Мікалай падтрымаў ідэю і згадзіўся разам асвяціць крыжы і вобраз Божай Маці, які знаходзіцца паміж крыжамі. З волі Божай адбылося гэта 8 верасня, у дзень нараджэння Маці Божай. Марыя як маці аб’ядноўвае ўсіх людзей, благаславіць нас, а нашым памерлым выпрошвае Неба. Дзякую Богу, што ўсё задуманае атрымалася рэалізаваць, што знайшліся людзі, якія ў розны спосаб дапамаглі ажыццявіць задуму. Няхай Пан Бог будзе ўсімі намі праслаўлёны, а нашы памерлыя, якія спачываюць на могілках, як найхутчэй дасягнуць вечнай радасці ў Божым Валадарстве!” – адзначыў кс. Віктар.

varnyany.www.by

для друку для друку