У нядзелю, 24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія днём раней прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, адправілі свае першыя Імшы – прыміцыі. Набажэнствы прайшлі ў родных парафіях новых святароў, якія атрымалі прызначэнні ў розныя дэканаты Гродзенскай дыяцэзіі.
Прыміцыйныя Імшы сталі асаблівымі падзеямі для вернікаў і супольнасцяў, дзе выраслі і фармаваліся новыя прэзбітэры.
- У Новым Двары (Шчучынскі дэканат) у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебраваў Імшу кс. Дзмітрый Роўны. У гаміліі кс. Андрэй Лішко засяродзіў увагу на дарах Святога Духа, якія трэба развіваць у штодзённым жыцці. Кс. Дзмітрый прызначаны вікарыем парафіі Святога Духа ў Гродне.
- У Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) у касцёле Божага Цела і св. мучаніка Юрыя сваю прыміцыю адправіў кс. Марцін Лудзіч. Урачыстую прамову пра важнасць святарскага паклікання і давер да Духа Святога прамовіў яго дзядзька, кс. Юрый Кузьміч. Новы святар будзе служыць вікарыем у лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
- У Лідзе ў фарным касцёле на прыміцыйную Імшу кс. Аляксея Ціхана сабраўся вялікі натоўп. А. Анджэй Ядкоўскі CSsR заклікаў новапрэзбітэра “заўсёды шукаць позірку Езуса” і напаўняцца моцай Святога Духа. Кс. Аляксей будзе служыць вікарыем у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
- У Мастах у парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай Імшу цэлебраваў кс. Максім Ваўчок. Пробашч з Міра кс. Аляксандр Севасцьяновіч успамінаў важныя моманты паклікання новага святара, у тым ліку яго пілігрымкі. Кс. Максім прызначаны вікарыем парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.
- У Гродне ў парафіі св. Юзафа сваю прыміцыю адправіў кс. Яраслаў Казлоўскі. У гаміліі кс. Павел Беланос падкрэсліў: “Святарства – не на дзень, не на тыдзень ці год, а на ўсё жыццё” і што яно “не для ксяндза, а для людзей”. Новапрэзбітэр будзе служыць вікарыем у Ваўкавыску ў парафіі св. Вацлава.
- Таксама ў Лідзе ў фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа сваю прыміцыйную Імшу адправіў кс. Віталій Сямёнаў. Падчас гаміліі кс. Раман Вайцяховіч, вікарый ашмянскай парафіі св. Арханёла Міхала, засяродзіў увагу на ролі Святога Духа, які вядзе Касцёл. Прапаведнік падкрэсліў, што святару важна захоўваць хрысціянскую радасць і несці яе людзям. Кс. Віталій атрымаў прызначэнне вікарыем у іўеўскую парафію святых апосталаў Пятра і Паўла.
Кожны з гэтых святароў у канцы літургіі падзякаваў сваім блізкім, настаўнікам, пробашчам і вернікам за малітоўную падтрымку на шляху да алтара, папрасіў аб далейшым суправаджэнні і ўдзяліў сабраным прыміцыйнае благаслаўленне.
Гэтыя падзеі сталі яскравым сведчаннем таго, што Гродзенская зямля багатая на новыя пакліканні да служэння ў Касцёле, а вернікі застаюцца адкрытымі на дзеянне Духа Святога.
- кс. Дзмітрый Роўны
- кс. Яраслаў Казлоўскі
- кс. Марцін Лудзіч
- кс. Максім Ваўчок
- кс. Аляксей Ціхан
- кс. Віталій Сямёнаў
Паводле grodnensis.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






