Гэта адбылося ў нядзелю 5 лютага.
Вернікі разам са святарамі і міністрантамі сустрэлі ардынарыя перад святыняй. Пасля ўрачыстага ўваходу ў касцёл, біскупа прывіталі дзеці і моладзь парафіі, якія ўручылі кветкі для свайго пастыра.
У прывітальным слове біскуп адзначыў, што гэта яго не першы візіт у мёрскую парафію, але сёння ён асаблівы, бо наведвае яе з біскупскай візітацыяй як кіраўнік дыяцэзіі. Біскуп Алег адзначыў, што заўсёды з хваляваннем прыязджае сюды, бо менавіта ў Мёрах рабіў свае першыя крокі ў святарстве.
“Заўсёды, дзе ёсць нейкі пачатак у чалавека, узнікае паняцце дому. Бо чалавеку заўсёды прыемна вярнуцца туды, дзе рабіў свае першыя крокі, дзе вучыўся служэнню”, — адзначыў іерарх.
Пробашч парафіі ксёндз Кшыштаф Мянкіна з гэтай нагоды адзначыў: “Мы вельмі радыя, што ён тут пачынаў і вельмі часта гэта падкрэслівае. А таксама мы ганарымся, што з нашай парафіі паходзіць шмат святароў. Ужо дванаццаць святароў выйшла з мёрскай парафіі ад 1989 года, маем зараз двух клерыкаў, адзін на пятым курсе, другі толькі сёлета ўступіў у ордэн салезіянаў”.
Мёрскія вернікі памятаюць, як сюды прыйшоў працаваць тады яшчэ зусім малады ксёндз Алег і вельмі ганарацца гэтым.
“Мы заўсёды гэта памятаем, — кажа катэхетка парафіі Ганна Вайсковіч. — Памятаем як ён дапамагаў нам рабіць рамонт. У нас быў у плябаніі на другім паверсе клас, мы там клеілі шпалерамі сцены, ён таксама нам дапамагаў. Таму, калі да нас прыязджае біскуп, то адчуваем, што прыехаў свой чалавек”.
“Такі прыйшоў малады, светлы ксёндз, які як і зараз кожнаму ўсміхаецца, рады бачыць любога ў касцёле, і малога, і вялікага, і хворага, і задаволенага, і пакрыўджанага… Ён кожнага абдыме, кожнага прытуліць і абрадуе”, — успамінае Міхаіл Чарняўскі.
Напачатку Імшы вернікі памаліліся да Маці Божай, потым біскуп акрапіў усіх вернікаў святой вадой як напамін аб тым, што ўсе мы ў свой час атрымалі сакрамант хросту.
Сваё слова да вернікаў іерарх пачаў з разважання над словамі Хрыста, скіраванымі да апосталаў: “Вы — соль зямлі, вы — святло свету”. Гэтыя словы павінны стаць і праграмай нашага жыцця, адзначыў іерарх. Трэба ўмець адлюстроўваць тое святло, якое зыходзіць ад Бога. Езус чакае ад нас гэтага святла ў нашым штодзённым жыцці. Нам важна заўважаць побач з сабой іншага чалавека, які побач з намі. Бо вельмі важна любіць Бога не абстрактна, як нешта нябачнае, а заўважаць Яго ў сваім бліжнім. І калі трэба, мы павінны дапамагчы тым, хто яшчэ блукае ў цемры, знайсці святло веры.
Біскуп нагадаў пра адказнасць кожнага верніка перад касцёлам. “У кожнага з нас свая адказнасць, — адзначыў ардынарый, — у біскупа свая, у пробашча свая, у сясцёр законных свая. І простыя вернікі таксама павінны адчуваць адказнасць за свая святыню, за сваю супольнасць. Мы ўжо перажылі час, калі руйнавалі храмы, але, на жаль, і зараз працягваецца час, калі руйнуецца сэрца чалавека”.
У часы ваяўнічага атэізму нам таксама казалі пра чалавечыя каштоўнасці: пра свабоду, братэрства, мір. Але без Бога, які ёсць асновай усяго, гэтыя каштоўнасці так і не занялі належнага месца ў жыцці. Яны былі нейкімі абстрактнымі паняццямі. “Бо лягчэй было любіць негра ў Афрыцы, чым чалавека, які побач з табой,” – адзначыў біскуп.
Дух Святы ўмацаваў апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы і нас таксама ён павінен умацоўваць падчас канфірмацыі. Трэба толькі адкрыць сваё сэрца для Святога Духа: “Бежмаванне адзначае тое, што грунтуе чалавека ў веры, робіць яго здольным да яе абароны. І што вельмі важна, сам перыяд падрыхтоўкі ўмацоўвае чалавека ў веры, яднае яго з Богам праз Святога Духа.”
Перад прыняццем сакраманту бежмавання кандыдаты разам з іншымі вернікамі вызналі сваю веру. Потым распачалося ўдзяленне біскупам сакраманту хрысціянскай сталасці. Трэба адзначыць, што ў гэты дзень у мёрскай парафіі прынялі гэты сакрамант больш за паўсотні вернікаў. Гэта былі людзі ад чатырнаццаці да васьмідзесяці трох гадоў.
Напрыканцы Імшы біскуп асвяціў хлеб і ваду ў гонар святой Агаты, паколькі ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл ушаноўвае памяць пра гэту святую.
На заканчэнне моладзь парафіі падзякавала біскупу за ўдзелены сакрамант.
“Мы зрабілі крок бліжэй да Бога, я вельмі радая, што мы атрымалі дары Духа Святога, а таксама вельмі радая прыезду да нас біскупа”, — адзначыла для “Каталіцкага Весніка” Ксенія Жук.
Бацькі кандыдатаў выказалі падзяку пробашчу касцёла ксяндзу Кшыштафу за дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі. Падзяку атрымала і катэхетка парафіі Ганна Вайсковіч.
Яна адзначыла, што для вернікаў гэта была вельмі важная падзея: “Па-рознаму людзі перажывалі падрыхтоўку да прыняцця гэтага сакраманту. Моладзь па-свойму, дарослыя па-свойму. Сёння перад святой Імшой падышла да мяне жанчына, ужо ва ўзросце, і кажа, што не спала ўсю ноч, бо жыла без гэтага сакраманту і думала, што ў мяне ўсё ў парадку. А тут я зразумела, што сёння толькі прыму ўсе сакраманты і ад хвалявання не магла заснуць усю ноч”.
А пробашч касцёла адзначыў што прыезд біскупа стаў важнай падзеяй для ўсёй парафіі: “Заўсёды прыезд біскупа да нас з’яўляецца вельмі радаснай падзеяй, бо гэта азначае еднасць касцёла. Гэтым мы паказваем усяму свету, што мы разам з Богам перамагаем свае слабасці і спакусы д’ябла”.
Са сваім пробашчам згодныя і вернікі. “Уся парафія адчувае гэту еднасць, і калі прыязджае біскуп, які пачынаў працаваць у нашай парафіі святаром, гэта такі прыемны ўспамін з маладосці, — адзначыў Міхаіл Чарняўскі.
А на заканчэнні Імшы ўсе вернікі яшчэ раз прачыталі малітву аб пакліканні, бо калі ў Каталіцкі Касцёл будуць прыходзіць маладыя беларускія святары, у яго будзе і будучыня.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа