«Мы — прэзбітэрый Віцебскай дыяцэзіі, таму трэба трываць у еднасці з Богам і паміж сабою». Перадкалядная пастырская сустрэча ў Полацку

19 снежня ў полацкім касцёле Святога Андрэя Баболі адбылася перадкалядная пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. Тэмай спаткання стала еднасць, якая павінна панаваць сярод духавенства і лучыць яго з Богам і вернікамі.

На святочную сустрэчу духавенства з усёй дыяцэзіі з’ехалася больш за 70 святароў і некалькі дзесяткаў законнікаў і законніц. Перад святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, ва ўсіх прысутных была магчымасць аддаць свае падзякі і клопаты Найсвяцейшаму Сакраманту і паспавядацца.

Напачатку сустрэчы ардынарый прывітаў у дыяцэзіяльнай супольнасці пробашча касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах а. Віталія Бандаронка OFMCap, а таксама Яўгена Шымановіча, які нядаўна атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў Глыбокім, дзе і застаецца служыць.

Пасля біскуп Алег Буткевіч звярнуў увагу прысутных на тое, што ў перадсвяточных клопатах нельга забыць падрыхтаваць сваё ўласнае сэрца да прыйсця Пана: «Мы трываем у напружаным часе пастырскай паслугі перад Божым Нараджэннем, але варта памятаць, што Езус нарадзіўся і для святара, і для сястры. Здавалася б, усе мы пра гэта ведаем, але тут нас чакае пагроза прызвычаення. Не можам прызвычаіцца, не можа для нас стаць абыдзеннасцю вялікая Таямніца Божага нараджэння!»

У прамоўленым падчас Эўхарыстыі Божым слове да святароў і кансэкраваных асобаў біскуп нагадаў, для чаго прыйшоў у свет і для чаго памёр на крыжы Езус Хрыстус, выбаўляючы нас з граху — дзеля еднасці чалавека з Богам і паміж сабою. «Трымацца разам — справа нялёгкая, але паасобку ў нас нічога не атрымаецца. Прэзбітэрый нашай дыяцэзіі ствараем мы з вамі, таму варта клапаціцца, каб мы трывалі ў еднасці з Богам і паміж сабою».

Потым ён звярнуўся да асобы суддзі Самсона, пра якога мы чулі ў чытанні: «Кожнаму чалавеку Бог дае нейкую моц, нейкі дар. Самсону, добра вядомаму нам герою са старога запавету, Бог даў незвычайную фізічную моц, якой ён цешыўся. Прапаную перакласці асобу Самсона на святарскую паслугу. Нас робіць падобным да яго вялікая моц святарства, якую мы атрымалі ад Бога.

Ведаем, што Самсон, гэта надзвычайная асоба, скончыў жыццё трагічна. Да гэтага прывяло прынамсі дзве рэчы: жанчына і слова — сказаў не тое што трэба і не таму каму трэба. У выніку ў адзін момант страціў вялікі Божы дар… Нам з вамі часам не хапае веры ў моц нашага святарства, у моц нашага святарскага слова. Таму мы павінны пільнаваць, што гаворым людзям і паміж сабою».

Іншая асоба, пра якую мы чулі ў Евангеллі — Ян Хрысціцель. «Яму таксама была дадзена Богам вялікая моц. Калі ў Самсона была ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах, то Ян быў чалавек вельмі пакорным і сціплым: «Ці ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?» — спыталі ў яго. А ён адказвае, што за ім ідзе мацнейшы, а ён нават не варты развязаць Яму раменьчык на сандалях. Якая вялікая пакора! Што тычыцца мовы Яна Хрысціцеля — казаў праўду і ад яе згінуў, памёр мучаніцкай смерцю, вытрываўшы да канца ў сваім пакліканні».

Звяртаючыся да асобаў Самсона і Яна Хрысціцеля, біскуп Алег Буткевіч хацеў перасцерагчы пастыраў ад зла, якое імкнецца знішчыць святарства і еднасць паміж святарамі. «Мы, як і героі са старога і новага запаветаў, атрымалі вялікую моц ад Бога. Мусім клапаціцца аб тым, каб яе не страціць, а таксама дбаць аб еднасці паміж намі, бо іншы святар атрымаў такую самую моц. Калі будзем у часе Пастэркі трымаць на руках маленькага Езуса, прыгадаем сабе, Хто Ён для нас такі, успомнім, што мы ўдзельнічаем у Яго моцы, што Ён прыйшоў да людзей, каб даць ім еднасць», — прамовіў у гаміліі ардынарый.

Пасля святой Імшы адбылася кароткая арганізацыйная частка сустрэчы, на якой канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч звярнуўся да духавенства з аб’явамі. Потым усіх удзельнікаў спаткання чакала дзяленне сімвалам еднасці — аплаткам. Святары і кансэкраваныя асобы абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне, пасля чаго перайшлі да смачнага пачастунку і неафіцыйных размоў, якія спрыяюць устанаўленню еднасці паміж людзьмі.

Ася Паплаўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі