Мы падманулі святара…

wedding“Хвала Хрысту! Мне не дае спакою такая рэч: справа ў тым, што мы з мужам абвянчаліся ў Касцёле, будучы праваслаўнымі. Калі ў нас запыталіся, хто мы паводле веравызнання, то адказалі, што каталікі, бо вельмі хацелі быць абвянчаныя па каталіцкім абрадзе (курсы падрыхтоўкі да вянчання пры Касцёле прайшлі). Таксама перад вянчаннем мы не былі на споведзі ў святара (праходзілі курсы ў адным горадзе, а вянчаліся ў іншым), неяк не звярнулі ўвагу на гэта. Але калі перад самым вянчаннем ксёндз удакладніў, ці спавядаліся мы там, дзе праходзілі курсы, сказалі, што так, каб не зрываць вянчанне. У сям’і ў нас усё добра, ёсць дзіця, але гэтая хлусня, якая мела месца падчас такой важнай падзеі ў нашым жыцці, увесь час вярэдзіць маё сэрца, не дае спакойна жыць. Вельмі хачу пайсці на першую споведзь, але баюся, што, даведаўшыся пра гэтыя абставіны, нас альбо адлучаць, альбо прызнаюць вянчанне несапраўдным…”

Марыя

 На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, афіцыял Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі:

– Паважаная Марыя, вельмі шкада, што сваё сумеснае сужэнскае жыццё з мужам Вы вырашылі пачаць з падману. Канешне, у Вас ёсць маральная адказнасць за такі ўчынак перад Богам. І варта свае правіны вызнаць перад Госпадам, Які ёсць міласэрны. Вельмі добра, што Вы вырашылі праясніць сваю жыццёвую сітуацыю і, кіруючыся голасам сумлення, паспрабаваць упарадкаваць сваё духоўнае жыццё.

Паважаная Марыя, з Вашага ліста вынікае, што на сённяшні дзень Вы з Вашым мужам з’яўляецеся праваслаўнымі. У адпаведнасці з гэтым Вы падлягаеце кананічным нормам Праваслаўнай Царквы. Кананічнае права Каталіцкага Касцёла Вас не абавязвае. Як ацэніць Ваш сакрамантальны саюз Праваслаўная Царква – трэба пытацца ў кампетэнтных прадстаўнікоў гэтай Царквы.

Калі ж Вы жадаеце перайсці ў каталіцтва, то згодна з Кодэксам кананічнага права Каталіцкага Касцёла Вашае сужэнства, хоць і было заключана нягодна (Вы з Вашым мужам несяце маральную адказнасць за падман), але ўсё роўна з’яўляецца дзейсным і сапраўдным. Каб перайсці ў каталіцтва, Вам неабходна звярнуцца да свайго душпастыра і растлумачыць сітуацыю. Як толькі Вы станеце католікамі, зможаце прымаць сакраманты ў Каталіцкім Касцёле. Што датычыцца адлучэння Вас ад Касцёла, то гэта немагчыма зрабіць па той простай прычыне, што Вы да яго цяпер не належыце. Факт прыняцця сакраманту сужэнства ў Каталіцкім Касцёле не робіць з чалавека католіка.

Паважаная Марыя, жадаю Вам і Вашаму мужу адвагі і шчырасці перад Богам. Няхай Дух Святы дапаможа Вам быць сумленнымі і добрымі хрысціянамі.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі