“Б’юць званы, быццам спяваюць”… Такія словы ўзгадаліся веснавым ранкам у сучасным маладым раёне Новая Баравая ў Мінску. Тут 20 мая 2023 года адбылася гістарычная падзея — асвячэнне касцёла святога Францішка.
Гісторыя парафіі распачалася яшчэ ў 1992 годзе, калі была зарэгістравана парафія святога Юзафа. Месцам набажэнстваў стала тады невялікая каплічка ў прыватным доме ў раёне вуліц Багдановіча і Халтурына.
А ў 1995 годзе ў сталіцы распачалі душпастырскае служэнне браты капуцыны і наладзілі манаскае жыццё паводле харызмы святога Францішка.
Цягам гадоў парафія будавалася, перажываючы свае радасці і цяжкасці: змяняліся месцы малітвы, адбываліся перарэгістрацыі, але не спынялася рэлігійнае жыццё.
18 жніўня 2014 года было выдадзена Рашэнне Мінскага раённага выканаўчага камітэта з дазволам на аб’ект “Будаўніцтва касцёла ў раёне вёскі Копішча Бараўлянскага сельсавета”, а ў верасні 2015 года мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў краевугольны камень і фундамент будучай святыні.
Амаль праз 9 год адбылося пасвячэнне касцёла святога Францішка.
Перад пачаткам святой Імшы ўсе прысутныя разам з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, арцыбіскупам-эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, вікарыем Варшаўскай правінцыі Меншых Братоў Капуцынаў братам Томашам Вроньскім OFMCap, шматлікімі святарамі, кансэкраванымі асобамі і гасцямі сабраліся на пляцоўцы перад святыняй. Пасля ўступнай малітвы ўсе накіраваліся ў храм, дзе распачалася цэлебрацыя святой Імшы і асвячэнне касцёла.
Са словам да прысутных звярнуўся брат Алег Шэнда OFMCap. У прамове прагучалі найперш словы радасці і падзякі Богу за Яго шчодрасць і магчымасць пабудаваць за кароткі час святыню ў маладым раёне Мінску. Словы падзякі прагучалі і ў адрас тых, хто прычыніўся да будаўніцтва храма. Перад усім гэта аўтар мастацкай канцэпцыі святыні — вядомы беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч і архітэктар Аляксандр Андрушкін.
У прамоўленай гаміліі нунцый Антэ Ёзіч зазначыў, што касцёл святога Францішка – першая святыня, асвячэнне якой ён здзяйсняе падчас сваёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
“Кожны касцёл увасабляе сакральнае месца, у якім Бог найбольш блізкі да чалавека, і ў якім чалавек набліжаецца да Бога праз сакраманты. Таму сёння мы молімся радкамі псальму 118 “Гэта ёсць дзень, які стварыў Пан. Будзем радавацца і весяліцца ў ім.”
Разважаючы над словамі Евангелля іерарх заўважыў, што ў новым касцёле да ўсіх сабраных звяртаецца сам Езус: “Сёння мне трэба застацца ў вашым доме”. Новаму касцёлу патрэбныя місіянеры капуцыны, што будуць несці слова Божае кожнаму чалавеку добрай волі, лячыць духоўныя хваробы і садзейнічаць міру паміж пакаленнямі.
Напрыканцы гаміліі Апостальскі Нунцый прасіў Божую Маці, молячыся, каб Яна суправаджала і тлумачыла кожнаму словы Езуса, якія будуць абвяшчацца ў новым касцёле новым беларускім пакаленням.
Пасля гаміліі адбылася малітва пасвячэння і намашчэння. Прысутныя вернікі і духавенства маліліся Літаніяй да ўсіх святых, а пасля арцыбіскуп Антэ Ёзіч, зняўшы арнат і падперазаўшыся грэміялам намасціў алтар.
Намашчэнне чатырох крыжоў на сценах святыні здзейсніў мітрапаліт Юзаф Станеўскі.
Пасля акаджэння храму распачалася галоўная частка святой Імшы – Эўхарыстычная літургія.
На заканчэнні святой Імшы канцлерам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Дзмітрыем Пухальскім быў зачытаны Дэкрэт аб пасвячэнні касцёла.
Далей да прысутных звярнуўся мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама словы віншаванняў і падзякі прагучалі ад прадстаўніка Renovabis Маркуса Інгенлата, брата Томаша Вроньскага OFMCap, вікарыя Варшаўскай правінцыі капуцынаў, да якой належыць Кустодыя Беларусі, кусташа капуцынскай Кустодыі Беларусі брата Сяргея Мацюшонка OFMCap.
Трэба зазначыць, што святыня ў Новай Баравой – гэта не толькі велічны храм, які паўстаў літаральна на пустцы вёскі Копішча.
Касцёл святога Францішка – гэта таксама і парафіяльная супольнасць на чале з пробашчам братам Янам Садоўскім OFMCap. Душпастырства братоў капуцынаў прыносіць тут шматлікія плёны. І плёны гэтыя бачныя па колькасці рухаў у парафіі: францішканскі ордэн свецкіх, літургічная служба алтара, супольнасць “Сужэнскія сустрэчы”, кола жывога ружанца Маці Божай Анёльскай, Маці ў малітве, Францішканская моладзь Тау, святліца для малодшых парафіянаў.
Падчас урачыстасці радавалі сваёй прыгажосцю і водарам кампазіцыі з бэзу, якія ўпрыгожвалі храм, а таксама абрус алтара і начынне, адмыслова створаныя рукамі парафіянаў.
Асобна хочацца ўзгадаць хор “Transitus”, які ўпрыгожыў Літургію. З густам падабраныя і прыгожа выкананыя спевы сучасных аўтараў, традыцыйныя літургічныя творы, Імша Станіслава Манюшкі радавалі слых, стваралі настрой і дапамагалі ў малітве.
Завяршылася свята канцэртнай праграмай, што складалася з выступу дзіцячых калектываў з парафій Мінску і Докшыц, гала-канцэрту, а таксама моладзевай праграмы.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Мікалай Новікаў, фота