Традыцыйная пілігрымка моладзі парафіі св. Яна Паўла II у Смаргоні ў гэтым годзе прайшла па тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі. Гэтая пілігрымка здзяйсняецца ў гонар нябеснага апекуна смаргонскай парафіі.
Маладыя людзі са сваім пробашчам кс. Яўгенам Учкуронісам наведалі святыні віцебскай зямлі, пабудаваныя ў розных архітэктурных стылях, пабывалі ў Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”, у аграгарадку Друя, які знаходзіцца на самым краі Беларусі, пабачылі экасцежку “Ельня” і гару Маяк.
Святынямі, якія наведалі пілігрымы, былі касцёл у Відзах – адзін з самых высокіх у нашай краіне, неагатычны касцёл у Опсе, касцёл у Дрысвятах – помнік беларускага народнага дойлідства, санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, неараманскі касцёл з фрэскамі ў Слабодцы, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, мадэрнісцкі касцёл Маці Божай Шкаплернай у Ідолце, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах.
Маладыя людзі прызнаюцца, што ўдзячныя Богу за пілігрымку і за ўсіх, каго ў ёй сустрэлі. Таксама яны выказваюць сёстрам эўхарысткам з Браслава падзяку за гасцінны прыём у кляштары.
для друку