З 5 па 8 верасня ў рэкалекцыях для святароў, якія праводзіліся на тэрыторыі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў в. Ляскоўцы, прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У размове з дырэктрам «Карытас» а. Андрэем Жылевічам OFMCap арцыбіскуп падзяліўся сваімі думкамі пра развіццё дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі праз Касцёл, у тым ліку праз «Карытас».
Таксама іерарх прыгадаў пра сваю прысутнасць у 1994 годзе на Сінодзе біскпаў, адным з удзельнікаў якога была новая святая Маці Тэрэза з Калькуты, кананізацыя якой адбылася 4 верасня 2016 года.
Каля яе заўсёды стаяла чарга тых, хто хацеў зрабіць з ёй здымак, паразмаўляць, як узгадаў арцыбіскуп.
«Такая сціплая, маленькая жанчына, але які яна мела дух. Яна зрабіла рэвалюцыю ў жыцці сучаснага свету!» —заўважыў ён.
Зараз яе супольнасць вядомая ва ўсім свеце, а ў яе ўступаюць людзі з вельмі высокай адукацыяй, бо жадаюць рэалізаваць сваё пакліканне ў служэнні чалавеку, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш.
для друку