Міністранты лідскай парафіі Святой Сям’і наведалі семінарыю ў Гродне

13 лютага група міністрантаў лідскай парафіі Святой Сям’і пабывала ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Хлопцаў суправаджаў у паездцы іх душпастыр кс. Андрэй Белаблоцкі.

Наведваючы семінарыю, міністранты маглі пазнаёміцца са штодзённым жыццём яе студэнтаў і ўбачыць бліжэй спецыфіку гэтай духоўнай установы. Таксама была магчымасць памаліцца ў семінарыйнай капліцы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

Акрамя таго, хлопцы пабывалі ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, дзе перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай памаліліся ў інтэнцыі сваёй парафіяльнай супольнасці і сваіх сем’яў.

Нягледзячы на тое, што паездка ў Гродна доўжылася ўсяго некалькі гадзін, у сэрцах міністрантаў яна пакінула шмат цёплых успамінаў, а таксама, напэўна, прычыніцца да таго, што яны з яшчэ большай руплівасцю і стараннасцю будуць служыць ля алтара ў сваёй парафіі.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку