З 2 па 4 чэрвеня 2023 года ў парафіі Святой Тройцы ў Росі адбыліся рэкалекцыі для мужчын на тэму “Малітва ў жыцці мужчыны”, паведамляе msj.by. Канферэнцыі чыталі айцец-дамініканін Віталь Сапега і псіхатэрапеўт Іван Пузанаў. У рэкалекцыях прынялі ўдзел мужчыны і юнакі з Мінска, Гродна, Браслава, Ваўкавыска, Ліды і Росі.
“Кожны дзень мужчына выходзіць на духоўную барацьбу. Для таго, каб супрацьдзейнічаць спакусам і граху, ваяру патрэбныя дары Святога Духа, а таксама малітва. Малітва як індывідуальная, так і з усёй сям’ёй, асобна з жонкай, а таксама ў супольнасці вернікаў. Кожны павінен выпрацаваць і выбраць для сябе пэўны рытм малітвы на працягу дня, які будзе ўключаць чытанне Евангелля і разважанне над Божым словам. Было б нядрэнна, калі б вячэрняя малітва складалася з агляду дня, калі веруючы правярае сябе, ці ўва ўсіх сітуацыях ён здзейсніў чын любові, і дзякуе Створцу за атрыманыя ласкі. Мужу веры рэкамендуецца выбраць святога, чый прыклад ён будзе наследаваць і чыё заступніцтва будзе заклікаць”.
Клінічны псіхолаг Іван Пузанаў прачытаў канферэнцыю “Адрозненні мужчыны і жанчыны”, у якой на прыкладах паказаў, чым адрозніваецца праца органаў пачуццяў і іх рэакцыя на раздражняльнікі ў мужчын і жанчын.
Адзін з удзельнікаў рэкалекцый падзяліўся сваімі перажываннямі і ўражаннямі.
«Рады, што трапіў на мужчынскія рэкалекцыі ў Росі. Сустрэча з іншымі мужчынамі, якія таксама знаходзяцца на шляху духоўнага развіцця, і шчырыя размовы з імі дапамаглі глыбей зірнуць на некаторыя з’явы штодзённага жыцця, лепш у іх разабрацца. У тым ліку, адносіны паміж сябрамі мужчынамі, адданасць сваёй справе і шчырая праца, стасункі ў сям’і, з жонкаю, дзецьмі. Карысна было даведацца досвед іншых людзей, пабачыць, што на некаторыя рэчы мы глядзім па-іншаму. Але ёсць і тое, у чым мы сыходзімся. Удзячны арганізатарам і тым, хто нас прыняў і на працягу гэтых дзён пра нас клапаціўся. Дзякуй вам вялікі за гасціннасць і дай вам Бог далейшых поспехаў!»
Алесь Квіткевіч
