Малітва за спачылых святароў з удзелам біскупаў прайшла ў Гродне

3 лістапада, у актаву малітваў за памерлых, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі спачылага духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.

На Імшы сабраліся канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, іншыя святары, сёстры законныя і вернікі, якія сваёй малітвай хацелі выказаць удзячнасць за дабро, спазнанае ў жыцці ад духоўных асобаў. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Біскуп Кашкевіч прывітаў усіх прысутных і падкрэсліў, што наша малітва – найцудоўнейшы выраз клопату аб памерлых, якіх мы даручаем Божай міласэрнасці і сярод якіх таксама святары, што ўдзялялі сакрамэнты і былі слугамі алтара.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне кс. канонік Антоній Грэмза. Ён нагадаў, што за апошні час адышоў у вечнасць кс. прэлат Антоній Філіпчык, які шмат гадоў быў пробашчам парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Акрамя таго, ксёндз канонік нагадаў, што сёлета адзначаецца 80-я гадавіна смерці святароў, якія служылі ў Гродне: капелана сясцёр назарэтанак і прэфекта школ кс. Юстына Скакоўскага, вікарыя гродзенскай Фары кс. Казіміра Шыпілы, гвардыяна гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізія Клімчака. Яны прынялі мучаніцкую смерць з рук гітлераўцаў падчас Другой сусветнай вайны на Фартах у Навумавічах нёдалёка ад горада над Нёманам.

Ксёндз Антоній заахвоціў вернікаў спадарожнічаць сваім святарам малітвай, каб іх штодзённае служэнне было плённым, а таксама памятаць пра тых, якія пераступілі парог вечнасці.

У канцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ведаў многіх святароў, што рупліва служылі на Гродзеншчыне, адзначыў, што яны ўнеслі вялікі ўклад у адраджэнне Касцёла.

Іерарх пажадаў, каб памяць пра гэтых святароў, апосталаў нашых часоў, якія неслі служэнне ў цяжкія для абвяшчэння Евангелля часы, ніколі не згасала ў верным людзе.

Grodnensis.by

для друку для друку