Малітва за памерлых з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася на гродзенскіх могілках

2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу на гродзенскіх гарадскіх могілках, якія знаходзяцца недалёка ад прадпрыемства “Гродна Азот”.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб у гэты асаблівы дзень атачыць малітвамі душы сваіх блізкіх памерлых.

Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў, што ў мінулы дзень Касцёл перажываў радасную ўрачыстасць Усіх Святых. “Учора радаснае “Хвала на вышынях Богу”, сёння “Вечны адпачынак дай ім, Пане””, – сказаў ён.

Другі ж дзень лістапада, як нагадаў арцыбіскуп, схіляе да роздуму, разважання над таямніцай жыцця і смерці. “Нашы памерлыя не могуць сабе дапамагчы. Час іх закончыўся. Гадзіннік для нашых памерлых спыніўся – распачалася вечнасць. І толькі мы можам ім дапамагчы адчыніць брамы раю, бо ў нашых руках ёсць ключ вечнага шчасця”, – дадаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, могілкі – гэта месца для разважання над жыццём, на старых могілках можна знайсці надпісы на надмагіллях: “Я быў як ты, але і ты будзеш як я”, і ад гэтай праўды мы не зможам уцячы.

Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія праз могілкі. Падчас стацый маліліся за памерлае духавенства, сваіх спачылых продкаў, усіх, хто пахаваны на гэтых і іншых могілках, за душы, якія церпяць у чыстцы.

На заканчэнне працэсіі арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў вернікам за шматлікі ўдзел у супольнай малітве ў інтэнцыі памерлых, якія самі ўжо нічога не могуць зрабіць, але маюць патрэбу ў малітоўнай падтрымцы тых, хто жыве на зямлі.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі