“Любоў не шукае свайго”. 4 верасня – літургічны ўспамін бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка

Напярэдадні святкавання 150-годдзя заснавання кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта запрашаем пазнаёміцца бліжэй з сёстрамі назарэтанкамі праз іх незвычайную гісторыю і адмысловы каляндар на 2025 год.

Сёстры назарэтанкі: хто яны?

Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў 1875 г. у Рыме заснавала Францішка Сядліская, сёння бласлаўлёная Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра. Ужо тады яна заўважала патрэбу апостальства сярод cем’яў, а прыклад і ідэал знайшла ў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Сёння сёстры назарэтанкі выконваюць місію ў чатырнаццаці краінах свету на пяці кантынентах, распаўсюджваючы Валадарства Божай Любові праз штодзённую малітву, а таксама пакорнае, ахвярнае і дбайнае служэнне бліжнім.

Няпростае служэнне сясцёр на беларускай зямлі

Супольнасць сясцёр назарэтанак у Гродне паўстала ў 1908 г, першай маці настаяцельніцай стала Паўла Гажыч. Яна шмат рабіла не толькі для апостальства, але і для аднаўлення будынку кляштара і святыні. Сёстры з самага пачатку стараліся быць блізка мясцовых людзей. Разам з імі перажывалі час I і II Сусветных войнаў, раздзяляючы цяжкасці, балючы досвед і дапамагаючы, чым толькі маглі. У міжваенны перыяд манахіні вялі школу, дзейнічаў таксама навіцыят, які прыгатаўліваў маладых сясцёр да законнага жыцця. Вартая ўвагі таксама дабрачынная дзейнасць сясцёр, за якую адна з іх атрымала Залаты Крыж Заслугі.

“Ніхто не мае большай любові, чым калі аддае жыццё сваё за сяброў сваіх”(Ян 15,13). Ахвяра, якая была прынятая

У 1929 г. манахіні прыбылі да Навагрудка. Пачаткі іх служэння былі складанымі, але сёстры не знеахвочваліся і ўдзельнічалі не толькі ў аднаўленні фарнага касцёла, але перад усім вялі душпастыркую дзейнасць. У 1931 г. яны заснавалі школу, а з павелічэннем колькасці навучэнцаў, ужо праз 3 гады яна перайшла ў новы будынак. Нажаль, пасля распачацця II Сусвенай вайны ў сясцёр забралі школу і кляштар. Манахіні жылі ў сем’ях, а сустракаліся ў будынку касцёла. У 1943 г. арыштавалі значную колькасць жыхароў Навагрудка. Маці з болем у сэрцы прасілі сясцёр аб малітве. Тады і зарадзілася думка “няхай лепш нас растраляюць… будзем маліцца аб гэтым”. Бог прыняў іх ахвяру. Сясцёр выклікалі ў Гестапа і пасля ночы заключэння, ранкам вывезлі і растралялі ў лесе. Засталася адна с. Малгажата, якая шмат гадоў была ахоўніцай навагрудскай фары, а сёння аб’яўленая Слугой Божай. У 1945 г. целы назарэтанак перавезлі з магілы ў лесе і пахавалі побач са святыняй. Пасля ж распачацця беатыфікацыйнага працэсу перанеслі ў бакавую капліцу ў будынку касцёла. У 2000 г. Папа Ян Павел II абвясціў сясцёр бласлаўлёнымі.

«Вы — найкаштоўнейшая спадчына Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сясцёр назарэтанак. Вы — спадчына ўсяго Касцёла», — такія словы сказаў святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі назарэтанскіх мучаніц у Рыме 5 сакавіка 2000 года.

Адмысловы каляндар, выдадзены да 150-годдзя заснавання кангрэгацыі

У 2025 г. сёстры назарэтанкі будуць адзначаць 150-годдзе свайго існавання. З гэтай нагоды выдадзены адмысловы каляндар на 2025 год, які пазнаёміць бліжэй з дзейнасцю манахінь у Беларусі. На кожнай яго старонцы – абраз з беларускай святыні, звязанай з дзейнасцю сясцёр і кароткае апісанне, а таксама натхняючыя словы благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай, заснавальніцы назарэтанак.

У сярэдзіне календара змешчаныя 4 невялічкія буклеты – з гісторыяй сясцёр, а таксама назарэтанскія малітвы: Літанія да Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і Літанія да благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц – мучаніц з Навагрудка.

Набыць каляндар можна у інтэрнэт-краме Dobry-pastyr.by па спасылцы.

Вялікі плён любові…

…Узіраючыся ў прыклад ахвярнай любові, жыцця і смерці адзінаццаці бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка хочацца згадаць словы Езуса Хрыста з Евангелля паводле Яна: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён…” (Ян 12,24)

Гэтая ахвяра, поўная любові і веры, сапраўды прынесла багаты плён для нашай зямлі, які, можа, нам і цяжка адразу разгледзець, а да канца аб ім ведае толькі Пан Бог у Сваёй прадбачнасці. Але і сёння, гэты плён, напэўна, узрастае на нашай бацькаўшчыне: ў новых пакліканнях, навяртаннях да Бога, шчырых малітвах і перамененых лёсах, і ў шматлікіх Божых бласлаўленнях для нашай беларускай зямлі.

Аляксандра Шчыглінская

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі