Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк маліўся з глыбачанамі падчас парафіяльнага фэсту

Ва ўрачыстасць Святой Тройцы 4 чэрвеня, у Глыбокім адбылася адпустовая святая Імша.

Прыгажосць і атмасферу фэсту стваралі маленькія і вялікія ўнёскі кожнага з вернікаў: першакамунійныя дзеці, які сваімі белымі строямі надавалі сапраўдны святочны настрой, літургічная служба алтара, што, быццам рыцары Хрыста, паслугоўвалі святарам пры алтары, хор “Ave Maria”, які ўпрыгожыў урачыстасць спевамі.

Госцем свята стаў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскай парафіі Святых Сымона і Алены, які нёс служэнне ў Глыбокім у 1985-1990 гадах.

На самым пачатку святой Імшы пробашч кс. Мікалай Ціхановіч прывітаў прысутных вернікаў, законных сясцёр і святароў, сярод якіх быў і айцец тэатынец Аляксандр Івашчонак, які вырас у глыбоцкай парафіі, а сёння нясе служэнне ў італьянскім Неапалі.

Падчас казання кс. Уладзіслаў прапанаваў паглядзець на Асобу Святой Тройцы праз прызму Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу мы можам найперш знакам крыжа. Такая простая, але такая моцная малітва, у якой мы прызываем Бога Айца, Сына і Духа Святога. Гэтай малітвай мы распачынаем свой дзень, любую малітву і любую працу”, – зазначыў ксёндз канонік.

Таксама святар звярнуў увагу на абраз Святой Тройцы, што знаходзіцца ў галоўным алтары Глыбоцкай святыні і ўзгадаў, як у далёкім ужо 1985 годзе адбылося яго асвячэнне. “На гэтай іконе мы таксама бачым Маці Хрыста, якая быццам бы аб’ядноўвае ўсе Боскія Асобы”.

Між іншым кс. Уладзіслаў распавёў глыбачанам пра перэгрынацыю ікон з выявамі Багародзіцы з усіх беларускіх санктуарыяў.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія па галоўнай плошчы горада. Гэта быў сапраўдны трыўмф Езуса Хрыста, Якому кожны з прысутных вернікаў аддаваў хвалу ў спевах і сведчыў аб сваёй веры ўсім глыбачанам.

Скончылася ўрачыстасць хрысціянскім гімнам “Цябе Бога праслаўляем” і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
Марына Сінкевіч, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі