Крыж вярнуўся ў Варапаеўскі касцёл

30 сакавіка 2018 года запомніцца вернікам Варапаеўскай парафіі не толькі як Вялікая Пятніца Мукі Пана, але і як дзень, калі быў асвечаны і ўсталяваны на касцёле крыж – крыж з вежы старога касцёла, які раней, да 1959 года, размяшчаўся ў цэнтры гарадскога пасёлка, на месцы цяперашняга кінатэатра. 

Летам 1959 года касцёл разабралі, бярвенне перавезлі ў Дунілавічы і зрабілі клуб. На месцы храма засталіся толькі кучы смецця. Адзін крыж (з галоўнай вежы) забраў дадому захрыстыян Абуховіч, на ягонай магіле пасля і ўстанавілі яго. А жыхар вёскі Ясюкі Тачыцкі Мар’ян пасля працы па-ранейшаму хадзіў маліцца на месца храма. І раптам убачыў сярод друзу крыж. Так, гэта быў крыж з меншай вежы: прыгожа выкаваны, але пагнуты, скрыўлены (відаць, за яго чаплялі трос, калі хацелі скінуць вежу). Праз дзень–два яго маглі вывезці як непатрэбнае смецце… Мар’ян узяў крыж дадому, схаваў ад дажджу і снегу пад страхой.

Мар’ян Тачыцкі

Ішлі гады… З радасцямі і болем. З рэдкімі паездкамі ў касцёлы: Глыбокае, Ваўкалаты, Мосар, Гадуцішкі… Бліжэй касцёлаў не было. З праблемамі і нягодамі сямейнага жыцця… Згарэла іх хата на хутары каля Ясюкоў, ледзь паспелі вынесці ляжачую жончыну маці. Новую хату будавалі ў вёсцы. Пасля няўдалай пункцыі Мар’ян тры гады ляжаў пластом, не мог падняцца. Падняло яго на ногі страшнае няшчасце: смерць адзінага сына Юзафа. “Адразу падняўся і падышоў да труны сына”, — расказвала мне яго дачка Данута. Як ён радаваўся, калі ў Варапаеве адчынілі спачатку капліцу, а потым сталі будаваць касцёл! Шмат разоў ён хадзіў на будаўніцтва працаваць. А якім асветленым, усмешлівым быў яго твар, калі ў нядзелю ён ішоў з касцёла! Хадзіў у бальніцу маліцца за хворых… Менавіта сям’я Мар’яна і Чаславы была ініцыятарам устаноўкі каля вёскі драўлянага крыжа.  А праз некалькі год іх унук Павел зрабіў металічны крыж, які быў асвечаны ксяндзом Чэславам Куцмежам летам 2012 года.

Сям’я Тачыцкіх з дзецьмі і ўнукамі

У маі 2015 года Мар’ян Тачыцкі адышоў да вечнасці. І толькі зімой гэтага года ягоная жонка ўспомніла пра выратаваны крыж. Настаў час ягонага вяртання ў касцёл…

Ксёндз пробашч Ежы Вільк сам прыехаў за крыжом, паабяцаўшы, што яго адновяць і змесцяць на касцёле, каб памяталі пра страшныя часы наступныя пакаленні.

Аднаўленнем крыжа займаўся токар Варапаеўскай дыстанцыі пуці Станіслаў Кішко, яму дапамагаў зваршчык Дзмітрый Воўк. Ім трэба было зняць іржу, выпрастаць яго, даварыць некаторыя дэталі. А потым – прымацаваць яго да сцяны касцёла.

Пасля ўстанаўлення крыжа ксёндз пробашч сказаў: “Дзякуем Табе, Хрысце, за Твой крыж, за тое, што адкупіў нас усіх на крыжы. Дзякуем за тых людзей, якія гэты крыж пабожна збераглі для нас, каб ён быў жывым сведкам тых страшных часоў бязвер’я… Просім аб Божай Міласэрнасці для тых, хто з гэтым крыжом ваяваў, хто хацеў яго знішчыць, каб Бог ім прабачыў”.

Аліна Латыш

для друку для друку